ДЖОЎЛЬ ((Joule) Джэймс Прэскат) (24.12.1818, г. Солфард, Вялікабрытанія — 11.10.1889),
англійскі фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1850). Навук. працы па эл.-магнетызме, цеплавых з’явах і кінетычнай тэорыі газаў. Адкрыў з’яву магн. насычэння (1840); устанавіў залежнасць колькасці цеплыні, што выдзяляецца ў правадніку пры працяканні праз яго эл. току, ад сілы току і супраціўлення правадніка (1841; гл.Джоўля—Ленца закон). Вызначыў мех. эквівалент цеплыні і даў тым самым эксперыментальны доказ захавання энергіі (1843). Разам з У.Томсанам адкрыў з’яву змянення т-ры газаў пры іх працяканні праз сітаватую перагародку (1853—54; гл.Джоўля—Томсана эфект). Яго імем названа адзінка энергіі і работы — джоўль.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,
перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.
Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл.Крыягенная тэхніка).
Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.