Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма размеркавання сігналаў тэлебачання па кабельных лініях сувязі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання, прыкладнога тэлебачання, службы электрасувязі, у т. л. тэлефанія, камп’ютэрныя сеткі, сродкі мультымедыя і інш. Выкарыстоўваецца для павелічэння колькасці каналаў і якасці перадачы інфармацыі. Найб. пашырана ў раёнах з высокім узроўнем прамысл. перашкод (напр., у гарадах з рознапавярховай забудовай), горных мясцовасцях і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.
А.П.Ткачэнка.
т. 7, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЕ РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
тэхналогія гукавога вяшчання, у якой кадзіраванне, ушчыльненне, перадача, прыём, фарміраванне праграм і інш. працэсы выконваюцца над лічбавымі гукавымі сігналамі. Найб. пашырана сістэма Л.р. паводле стандарту DAB (Digital Audio Broadcasting лічбавае гукавое вяшчанне), якая забяспечвае высакаякаснае многапраграмнае (да 6 стэрэапраграм па адным радыёканале) наземнае і спадарожнікавае вяшчанне разам з дадатковай інфармацыяй, напр., відарысамі электронных картаў, газет, фатаграфій.
А.П.Ткачэнка.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАВА́Я КАЛО́НКА,
групавы акустычны выпрамяняльнік у выглядзе лінейнага ланцужка аднатыпных гучнагаварыцеляў (пераважна эл.-дынамічных), размешчаных у агульным корпусе. Бываюць магутнасцю ад 2 да 100 Вт, маюць 2—8 гучнагаварыцеляў. Выкарыстоўваюцца для агучвання вял. памяшканняў і плошчаў (канферэнц-залаў, стадыёнаў і інш.). Гукавая калонка з гучнагаварыцелямі розных тыпаў, кожны з якіх эфектыўна дзейнічае ў пэўнай паласе частот, наз. акустычнай сістэмай; выкарыстоўваецца для высакаякаснага гукаўзнаўлення ў прафес. і быт. апаратуры.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. сродкаў і фіз. асяроддзя для перадачы інфармацыі ад крыніцы да прыёмніка па кабелі сувязі; састаўная ч. канала сувязі. Бывае эл. і аптычная (гл. Валаконна-аптычная сувязь); паветр. (падвесная), падземная, падводная і палявая (нестацыянарная, прызначаная для аператыўнай сувязі); міжгародняя і мясцовая; складаецца з кабеляў, кабельных збудаванняў (тунэляў, калодзежаў, апор і інш.) і ўзмацняльных пунктаў (у аналагавых сістэмах перадачы інфармацыі) ці рэгенератаў (у лічбавых сістэмах).
А.П.Ткачэнка.
т. 7, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭР,
прылада для кадзіравання інфармацыі ў адпаведнасці з выбраным кодам. Адрозніваюць К. крыніцы (пераўтварае паведамленне ў дыскрэтны сігнал ці сукупнасць такіх сігналаў) і К. канала (узгадняе форму дыскрэтнага сігналу з дадзеным каналам сувязі, напр., для змяншэння лішкавасці паведамлення, забеспячэння перашкодаўстойлівасці і найб. скорасці перадачы). К. сістэм каляровага тэлебачання — прылада для фарміравання сігналаў яркасці і колерападзеленых сігналаў (поўнага відэасігналу ў дадзенай сістэме тэлебачання) з сігналаў асн. колераў. Прылада для дэкадзіравання наз. дэкодэрам.
А.П.Ткачэнка.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФЕКО́Н (ад графа... + грэч. eikōn відарыс),
тып запамінальнай электронна-прамянёвай трубкі з 2 электроннымі пучкамі (запісвальным і счытвальным). Відарыс запісваецца ў выглядзе патэнцыяльнага рэльефу на дыэлектрычнай мішэні, нанесенай на эл.-праводную падкладку (сігнальную пласціну). Запіс і счытванне інфармацыі могуць адбывацца адначасова і незалежна. Колькасць цыклаў счытвання дасягае некалькіх тысяч (пры аднаразовым запісе); раздзяляльная здольнасць — да 1200 радкоў. Запіс (без счытвання) на мішэні можа захоўвацца на працягу некалькіх сутак і больш. Выкарыстоўваецца для ўзаемнага пераўтварэння відарысаў: радыёлакацыйнага ў тэлевізійны, з аднаго тэлевізійнага стандарта ў другі і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ, іонныя прылады,
электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл. Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).
Ф.А.Ткачэнка.
т. 4, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТОЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,
прылада для вымярэння эфектыўнай дыхтоўнасці і інш. параметраў вагальных контураў. Бывае аналагавы і лічбавы; мае калібраваны генератар ваганняў з вымяральным вагальным контурам і індыкатар рэзанансу. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні суадносін паміж напружаннем на ўзорным кандэнсатары пры рэзанансе і напружаннем, якое пададзена на контур, або на падліку колькасці перыядаў затухальных свабодных ваганняў у контуры (лічбавыя прылады; гл. Затуханне ваганняў). Выкарыстоўваецца для вымярэння параметраў пасіўных (шпуль індуктыўнасці, кандэнсатараў, рэзістараў і інш.) і актыўных (варыкапы, тунэльныя дыёды і інш.) элементаў радыёэлектронных схем.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)