шалёстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. каго-што. Біць, сцябаць з шумам. Было на .. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках і шалёстаў па вушах таго, хто позна ехаў з поля. Колас. Ціха ўвайшла [маці] праз сені ў кухню, зняла з цвіка татаў рэмень, ш-шах! — адчыніла дзверы ў хату і давай шалёстаць — і папа і дыякана! Брыль.

2. Шамацець, шалясцець. Шалёсталі ссохлым лісцем, палівалі зямлю золкімі дажджамі верасні. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цька, ‑і; мн. бацькі, ‑аў; м.

1. Мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей; тата. Зачуўшы татаў ход знаёмы, Малыя з хаты высыпалі, За брамай бацьку сустракалі. Колас. // Вядомая і паважаная ў пэўных колах асоба. [Гарун:] — Павел Сцяпанавіч! Добрай раніцы, добрага здароўечка. Бацька ты наш родны! Шамякін. // Разм. Зварот да старога чалавека. Пераехаўшы [цераз рэчку], знаёмы партызан падзякаваў Грысю і зноў назваў яго бацькам. Кулакоўскі.

2. Самец у адносінах да свайго патомства.

3. чаго. Кніжн. Заснавальнік, пачынальнік якой‑н. навукі, вучэння. Акадэмік Карскі — бацька беларускай філалогіі.

•••

Выліты бацька, копія бацька — пра дзіця, з твару вельмі падобнае на бацьку.

Гадзіцца ў бацькі каму гл. гадзіцца.

Імя па бацьку гл. імя.

Пайсці па бацьку гл. пайсці.

Пасаджоны бацька — пры адсутнасці бацькі той з родзічаў, што выконвае на вяселлі ролю бацькі жаніха або нявесты.

Прыёмны бацька — чалавек, які прыняў дзіця ў сваю сям’ю на правах сына (дачкі).

Родны бацька, кроўны бацька — аднаго роду, адной крыві па бацькоўская лініі.

Увесь у бацьку — пра дзіця, якое з твару і характарам падобнае на бацьку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)