РА́ТАМКА,

пасёлак у Ждановіцкім с/с Мінскага р-на, на аўтадарозе Мінск—Заслаўе; чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. За 17 км на З ад Мінска. 3965 ж., 1565 двароў (2001). Рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка», база Белтэлекама. Сярэдняя і дапаможная школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква (1997). Брацкая магіла сав. воінаў. У 1941—42 у Р. дзейнічала Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАХАЎ (Марк Мікалаевіч) (н. 10.9.1921, Масква),

бел. тэатр. мастак. Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча (1940). З 1957 мастак, з 1964 гал. мастак Магілёўскага абл. драм. т-ра. Аформіў спектаклі: «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча (1957), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава (1964), «Паўлінка» Я.​Купалы (1971), «Апошняя суніца ў жніўні» А.​Дзялендзіка (1975), «Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса (1977), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1980), «Тутэйшыя» Купалы (1982), «Судны дзень» В.​Казько (1983), «Сівы бусел» В.​Ткачова (1984), «Сабачае сэрца» паводле М.​Булгакава (1988), «Каварства і каханне» Шылера (1992), «Рычард III» У.​Шэкспіра (1995) і інш.

М.Волахаў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Марыя Сцюарт». 1980.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАВА (Зоя Іванаўна) (н. 31.12. 1913, С.-Пецярбург),

расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю т-ра Ленінградскага савета прафсаюзаў (1936). Працавала ў т-рах Ленінграда, Выбарга, Мурманска. У 1956—68 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Раскрываючы ўнутр. свет сваіх гераінь, спалучала яркую сцэн. форму з выразнымі дэталямі. Сярод роляў у Магілёўскім т-ры: Мар’я («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Вольга Мікалаеўна («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Ягадка («Амністыя» М.​Матукоўскага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Тэрэза («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані), Кацярына Бяссмертная («Чаму ўсміхаліся зоркі» А.​Карнейчука), мадэмуазель Куку («Безымянная зорка» М.​Себасцьяна).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Ісаак Юльевіч) (18.11.1921, Віцебск — 5.3.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Творы адметныя сакавітым колерам, пластычнасцю кампазіцыі. Сярод работ: партрэты Ц.​Ц.​Тарасава, Ц.​А.​Каваленкі, В.​Л.​Парахневіча, прафесара І.​Л.​Саснавіка, мастака Г.​Ф.​Шутава, партыз. камандзіра Д.​Ф.​Райцава, даяркі Г.​Е.​Нікалаевай, «Медсястра» (усе 1967—70), старшыні калгаса М.​І.​Каца (1975); «Маладая калгасніца» (1978), урача-псіхіятра В.​А.​Анішчанкі (1981), настаўніцы М.​К.​Ждан (1991); пейзажы «Пасля навальніцы», «Куток Віцебска», «Ралля», «Ля возера», «Восень»; нацюрморты «Астры», «Хлеб» (усе 1991); кампазіцыя «Пэн Ю.» (1988——89) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Бароўскі. Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы даяркі Г.​Е.​Нікалаевай. 1970.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.​Тарасава, С.​Картэса, Н.​Гайды, М.​Яроменкі (усе 1983), З.​Бабія, Т.​Шымко, Л.​Крывёнак (усе 1984), С.​Грахоўскага, М.​Танка, Р.​Янкоўскага (усе 1985), Т.​Шаметавец (1986), С.​Станюты, В.​Быкава (абодва 1987), Н.​Гілевіча (1988), І.​Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).

М.Моўчан. Партрэт Л.​Крывёнак. 1984.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Мікіта Міхайлавіч) (20.9.1795, С.-Пецярбург — 10.5.1843),

дзекабрыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1813 у арміі, капітан гвардыі. Удзельнік замежных паходаў 1813—14, бітваў каля Лейпцыга, Дрэздэна. Адзін са стваральнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). У 1821 чл. Вярх. думы, правіцель Паўн. т-ва і чл. дырэкторыі Паўд. т-ва. У 1821—22 служыў у Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Рагачове; у Мінску працаваў над першым варыянтам канстытуцыі для будучай рас. дзяржавы (гл. Мінскі варыянт канстытуцыі М.М.Мураўёва). У паўстанні 14.12.1825 не ўдзельнічаў. Як актыўны ўдзельнік дзекабрысцкага руху прыгавораны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененага 20-гадовай катаргай (пазней скасавана на 10 гадоў), якую адбываў у Нерчынскіх рудніках. У 1835 пераведзены на пасяленне ў Іркуцкую губ. У Сібіры пісаў працы па ваен. гісторыі, выступаў супраць фальсіфікацыі гісторыі руху дзекабрыстаў.

М.​А.​Тарасава.

Мікіта Міхайлавіч Мураўёў.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВО́НАЎ (Мікалай Ільіч) (28.12.1906, С.-Пецярбург — 28.5.2000),

расійскі і бел. акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). З 1927 працаваў у тэатрах Ленінграда, Карэліі. У 1957—76 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Мастацтву Р. былі ўласцівы дакладны вонкавы малюнак ролі, псіхалагізм у распрацоўцы характараў, імкненне раскрыць складанасць чалавечай натуры. Сярод лепшых роляў у бел. драматургіі: Сямён Кныш і Бонч-Бруевіч («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Іваноў («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Слесар («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Палкоўнік і стары Сахон («Мурын Бор» І.​Ісачанкі). З інш. роляў: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Гельмер («Нора» Г.​Ібсена), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Нананкур («Саламяны капялюшык» Э.​Лабіша), Дронаў («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Даброцін («Марыя» А.​Салынскага).

Г.​Р.​Герштэйн.

М.І.Радзівонаў.
М.Радзівонаў у ролі Бернарда.

т. 13, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.​А.​Тарасава.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Сяргей Іванавіч) (3.11.1795, С.-Пецярбург — 25.7.1826),

дзекабрыст. Брат М.І.Мураўёва-Апостала. Скончыў Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1811). З 1811 на ваен. службе. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). Пасля паўстання (1820) і расфарміравання (16.5.1822) Сямёнаўскага палка, дзе ён служыў, у Чарнігаўскім пяхотным палку, які пэўны час кватараваў у Бабруйску; падпалкоўнік. З 1822 чл. Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Удзельнічаў у распрацоўцы першага рэальнага плана паўстання (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823), які не быў здзейснены. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) цяжка паранены, арыштаваны і дастаўлены ў Гал. штаб 1-й арміі ў Магілёў, дзе 14 і 15.1.1826 адбыліся яго першыя допыты. Асуджаны Вярх. судом і павешаны ў ліку пяці кіраўнікоў паўстання дзекабрыстаў.

Літ.:

Медведская Л.А. С.​И.​Муравьев-Апостол. М., 1970;

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

М.​А.​Тарасава.

С.І.Мураўёў-Апостал.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (1.9.1910, с. Нікіцкае Куркінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 26.4.1993),

расійскі і бел. рэжысёр, акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). З 1928 вучыўся і працаваў акцёрам у маскоўскіх тэатр. студыях пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага, А.​Жыльцова, М.​Хмялёва, з 1932 працаваў у розных трах Расіі. У 1955—80 рэжысёр Магілёўскага абл. драм. т-ра. Для пастановак характэрны дакладнасць рэалізацыі аўтарскай задумы, глыбокая прапрацоўка вобразаў, раскрыццё акцёрскіх індывідуальнасцей: «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава (1964), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1965), «Мільянерка» Б.​Шоу, «Тры дні і тры ночы» (абедзве 1967), «Амністыя» (1971), «Апошняя інстанцыя» (1975), «Наследны прынц» (1976) М.​Матукоўскага, «Гарачае сэрца» А.​Астроўскага (1971), «Таблетку пад язык» (1973), «Не сумуй, Верачка» («Верачка», 1979) А.​Макаёнка. У Магілёўскім т-ры найб. значныя ролі Керанскі («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Дзяржынскі («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М.​Шатрова).

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)