Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ХЛА́ДНІ ФІГУ́РЫ,
фігуры, якія ўтвараюцца скопішчам дробных часцінак (напр., сухога пяску) паблізу вузлавых ліній на паверхні вагальнай пласцінкі ці інш. механічнай сістэмы. Адкрыты ням. вучоным Э.Ф.Ф.Хладні (1787).
Кожнаму ўласнаму ваганню (стаячай хвалі) пласцінкі адпавядае сваё размяшчэнне вузлавых ліній. У выпадку круглай пласцінкі вузлавыя лініі бываюць кругавымі ці радыяльнымі; у выпадку прамавугольнай ці трохвугольнай пласцінкі яны накіраваны паралельна старанам ці дыяганалям. Пры змене пункту замацавання і месца ўзбуджэння можна атрымаць разнастайныя Х.ф. Выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі (тапаграфічны метад) для даследавання мех. якасцей вырабу ў цэлым (напр., пласцінкі ці абалонкі).
Хладні фігуры ў выпадку круглай (1) і прамавугольнай (2) пласцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́АКА-ГУЦЯ́ВІЧУС (Stuoka-Gucevičieus) Лаўрынас, Гуцэвіч (Gucewicz) Ваўжынец (5.8.1753, с. Міганяй Панявежскага пав., Літва — 21.12.1798), літоўскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1773—75, вучань М.Кнакфуса), Рыме (1776—77), Парыжскай каралеўскай акадэміі (1778) у арх. Ж.Ж.Суфло, К.Н.Леду і арх. школе Ж.Ф.Бландэля. Выкладаў у Школе літ.інж. корпуса ў Вільні (1789—94) і Віленскім ун-це (1795—98); праф. (з 1793). Удзельнік паўстання Т.Касцюшкі (1794). Асн. работы: у Вільні — кафедральны сабор св. Станіслава (1777—1801, дабудаваў арх. М.Шульц; у аснове гатычны сабор 15 ст.), палац епіскапа (1792, перабудаваны ў 19 ст. паводле праекта В.П.Стасава), рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля Масальскіх у Веркяй (пачата Кнакфусам; завершана ў 1810), праект рэканструкцыі і буд-ва ратушы (1781—99, завершана Шульцам); рэканструкцыя замка 16 ст. ў Раўдоне (Юрбаркскі пав., канец 18 ст.). У 1780 стварыў тапаграфічны план Вільні. На Беларусі паводле праектаў С.-Г. на заказ Магілёўскага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча пабудаваны касцёл (1787—94, не захаваўся) і сядзібны комплекс у в. Маляцічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. (буд-вам кіраваў яго вучань Я.Падчашынскі). Касцёл уяўляў сабой паменшаную копію сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар праекта ратушы ў г.п. Відзы Віцебскай вобл. (1795, не захавалася), многіх незахаваных палацавых комплексаў для магнатаў і шляхты. Творчасць С.-Г. істотна паўплывала на літ., польск. і бел. архітэктараў перыяду класіцызму.
В.Ф.Марозаў.
Л.Стуака-Гуцявічус. Касцёл у в. Маляцічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобл. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ўу Маскве.
Бярэ пачатак ад ваен. архіваў Рас. імперыі: створанага ў 1819 Маскоўскага аддз. архіва Інспектарскага дэпартамента Гал. штаба (з 1865 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. штаба, з 1906 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. ўпраўлення Генштаба) і створанага ў 1797 Імператарскага дэпо карт (з 1812 Ваен.-тапаграфічнае дэпо Ваен.мін-ва, з 1863 Ваен.-гіст. і тапаграфічны архіў Гал. ўпраўлення Генштаба, з 1867 Ваен.-вучоны архіў Гал. штаба, з 1906 — Гал. ўпраўлення Генштаба). З 1921 гэтыя архівы былі асн. сховішчамі 3-й (ваен.-марской) секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, у 1925 на іх аснове створаны Ваен.-гіст. архіў (да яго далучаны дакументы б. Маскоўскага ваен.акр. архіва і вылучаны дакументы Чырв. Арміі), з 1933 Цэнтр.ваен.-гіст. архіў, з 1941 Цэнтр.дзярж.ваен.-гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1956—58 папоўнены дакументамі б. Ленінградскага філіяла (створаны ў 1819 як архіў інспектарскага дэпартамента Ваен.мін-ва, пасля — Агульны архіў Гал. штаба, у 1934—41 Ленінградскі ваен.-гіст. архіў). 13 870 фондаў, З 397 628 адзінак захоўвання за 1520—1918 (асобныя дакументы за 1919—41). Зберагае матэрыялы дзейнасці вышэйшых, цэнтр. і мясц. органаў вайск. кіравання і вайск. устаноў Расіі з канца 17 ст. да сак. 1918, у т. л.Ваен. калегіі (1717—1812), Ваен.мін-ва (1808—1918), Гал. штаба (1865—1918), Гал. ўпраўлення Генштаба (1905—18), Штаба Вярх. галоўнакамандуючага Стаўкі (1914—18), ваен. акруг, крэпасцей, ваен.-навуч. устаноў, армій, карпусоў, дывізій, палкоў і інш.вайск. злучэнняў, зборы картаграфічных матэрыялаў. Дакументы асвятляюць войны і ваен. кампаніі, якія вяла Расія: Лівонскую вайну 1558—83, войны з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67, 1792, Паўн. вайну 1700—21, вайну 1812, 1-ю сусв. вайну, барацьбу з Барскай канфедэрацыяй 1768, задушэнне паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Беларусі. Захоўвае фонды вайск. часцей і ўстаноў, размешчаных на тэр. Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., тапаграфічныя карты і планы гарадоў Беларусі канца 18 — пач. 20 ст., карты дзярж. межаў Расіі з Рэччу Паспалітай 18 ст.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 158—162;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.