заціка́віць, ‑каўлю, ‑кавіш, ‑кавіць; зак., каго-што.

1. Абудзіць у кім‑н. цікавасць, прыцягнуць чыю‑н. увагу. І што асабліва зацікавіла дзеда Талаша, дык гэта паведамленне аб Саўку і яго фальшывым партызанстве. Колас. Загадкавая гісторыя зацікавіла ўвесь клас. Хомчанка.

2. Заахвоціць матэрыяльна, практычнымі выгодамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзіві́ць, здзіўлю, здзівіш, здзівіць; зак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне, уразіць незвычайнасцю чаго‑н. Дзеда Талаша і Нупрэя здзівіў Панасаў расказ аб яго вызвалены з астрога. Колас. Каля печы стаяла істота, якая сваім выглядам магла здзівіць кожнага. Чорны. Здзівіў і парадаваў Мікалай Андрэевіч калгаснікаў глыбокім веданнем справы. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел. тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.​Макаля, «Партызанская зона» К.​Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.​Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.​Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.​Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),

расійскі і бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар. АМ СССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.​А.​Сямашкі, 1924; Г.​В.​Чычэрына, 1926; Р.​І.​Пятроўскага, 1928; К.​Я.​Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.​З.​Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.​К.​Панамарэнкі, В.​І.​Казлова, І.​Дз.​Варвашэні, М.​П.​Шмырова, усе 1944; С.​А.​Каўпака, Р.​Н.​Мачульскага, абодва 1945; В.​З.​Каржа, 1947; К.​П.​Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.

Літ.:

Гронский И.М. Ф.​А.​Модоров. М., 1956;

Осипов Д. Ф.​А.​Модоров. М., 1968.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́працаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць пэўную колькасць работы; вырабіць. Выпрацаваць мінімум працадзён. Выпрацаваць норму. // Развіць, выхаваць пэўныя рысы, якасці. Выпрацаваць навыкі, характар.

2. перан. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад.; распрацаваць. Выпрацаваць праект рэзалюцыі. Выпрацаваць агульнанацыянальныя літаратурныя нормы. □ [Нявіднаму] трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўміра́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Памерці — пра ўсіх, многіх. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўміралі малымі. Колас. Так з таго часу я і не бачыў бацькоў. Потым чуў ад людзей з таго боку, што яны доўга і не жылі: паўміралі маладымі... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адчыніць што‑н. замкнёнае. Адамкнуць дзверы. // Зрабіць незамкнёным, адкрыць. [Гаўрусь Каляда] адамкнуў вялізны замок, выняў абадок са скабы, і скрыпучая палавіна гуменных варот адчынілася. Брыль.

2. Зняць прымкнутае. Адамкнуць штык (ад вінтоўкі).

3. перан. Зрабіць вядомым тое, што раней скрывалася, утойвалася; раскрыць. Дагадваецца войт, што Папас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́жна, безас. у знач. вык.

1. Не дазваляецца, забаронена. Цішэй — не патрывожце сну, Ступайце асцярожна, Уголас гаварыць няможна. Колас. [Чырун:] — Вы спацелі, і доўга стаяць на марозе няможна. Корзун.

2. Разм. Немагчыма, няма магчымасці; нельга. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша, — Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? — Няможна стала мне жыць дома. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прататы́п, ‑а, м.

Кніжн. Першавобраз, арыгінал, першапачатковы ўзор. Падобная беларуская казка магла быць адным з прататыпаў да балады [А. Міцкевіча] «Рыбка». Лойка. // Асоба, якая паслужыла аўтару арыгіналам для стварэння літаратурнага вобраза, а таксама літаратурны тып, вобраз, які паслужыў узорам для другога аўтара. У галоўнага героя «Дрыгвы» — дзеда Талаша — быў свой рэальны прататып. Гіст. бел. сав. літ. Прататыпам для гэтага вобраза паслужыў славуты, вядомы ўсяму беларускаму народу бацька Мінай. «Полымя».

[Грэч. prōtotypon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)