ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯ ў філасофіі,

момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.

А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,

становішча (сітуацыя) на пэўнай тэрыторыі, якое склалася (узнікла) у выніку надзвычай неспрыяльных прыродных, тэхнагенных, экалагічных і інш. фактараў. Характарызуецца рэзкім адхіленнем ад нормы з’яў і працэсаў, аказвае значнае ўздзеянне на жыццядзейнасць людзей, эканоміку, сац. сферу і прыроднае асяроддзе. Н.с. падзяляюцца на аварыі (пашкоджанне станкоў, установак, энергасістэм, трансп. сродкаў, будынкаў, памяшканняў без чалавечых ахвяр), катастрофы (падзеі з трагічнымі вынікамі, буйныя аварыі з людскімі ахвярамі), стыхійныя бедствы (небяспечныя працэсы геафіз., геал., гідралагічнага, атм. паходжання, якія прыводзяць да катастроф).

У гісторыі чалавецтва вядомы шматлікія глабальныя, рэгіянальныя і аб’ектавыя катастрофы. Захаваліся легенды пра Сусветны патоп, знікненне Атлантыды ў водах акіяна. Вывяржэнне Везувія ў 79 н.э. знішчыла г. Пампеі. У час эпідэміі чумы ў 1340—60 загінула больш за 100 млн. чал., пры землетрасеннях у Кітаі (правінцыя Шаньсі) ў 1556—830 тыс. чал., у 1976 (Таншан-Фэнань) — каля 700 тыс. Найб. значныя тэхнагенныя катастрофы: у 1984, у Бхопале (Індыя), дзе таксічным газам атручана больш як 17 тыс. чал.; радыяцыйнае забруджванне ў выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986. Катастрофы на транспарце: гібель «Тытаніка» ў 1912 (загінула больш за 1500 чал.), «Індыгіркі» ў 1939 (1500 чал.), «Адмірала Нахімава» ў 1986 (больш за 400 чал.), «Эстоніі» ў 1994 (больш за 900 чал.). У авіякатастрофах 20 ст. загінула каля 100 тыс. чал. У дачыненні да Н.с. выключнае значэнне маюць прадухіленне і ліквідацыя. Прадухіленне Н.с. уключае комплекс прававых, арганізацыйных, эканам., інж.-тэхн., прыродаахоўных і інш. спец. мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне ці максімальна магчымае змяншэнне рызыкі іх узнікнення, на захаванне здароўя людзей, зніжэнне памераў страт у эканоміцы і маёмасці грамадзян, шкоды навакольнаму асяроддзю. Звядзенне да мінімуму імавернасці ўзнікнення Н.с. дасягаецца: забеспячэннем тэхнал. надзейнасці сістэм бяспекі ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, сельскай гаспадарцы; неабходнымі даследаваннямі ў сферы забеспячэння жыццядзейнасці, абмежаваннем выкарыстання выбухова-, пажара-, хімічна, радыяцыйна, біялагічна небяспечных рэчываў і тэхналогій; увядзеннем новых бяспечных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, супрацьаварыйнай аховы тэхн. аб’ектаў; аддаленнем патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў ад жылых зон і сістэм іх жыццезабеспячэння; кантролем і наглядам за станам патэнцыяльна небяспечных вытв-сцей і аб’ектаў; стварэннем рэзерваў, неабходных для ліквідацыі Н.с. Ліквідацыя Н.с. уключае: разведку (агульную і спецыяльную — біял., інж., мед., хім., пажарную, радыяцыйную, сан.-эпідэміялагічную) з мэтай высвятлення віду Н.С.; выяўлення крыніц небяспекі. вызначэнне маштабу і межаў Н.с.; назіранне за зменай становішча ў зоне Н.с.; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ; ліквідацыю Н.с., жыццезабеспячэнне насельніцтва і сіл ліквідацыі Н.с. Першачарговыя дзеянні пры аварыях, выбухах, пажарах і інш. Н.с. — пошук і выратаванне пацярпелых, тушэнне пажару, лакалізацыя і падаўленне небяспечных фактараў, а таксама выратаванне матэрыяльных і культ. каштоўнасцей, ахова прыроднага асяроддзя, аказанне пацярпеламу насельніцтву мед. і інш. дапамогі, стварэнне ўмоў, мінімальна неабходных для захавання жыцця і здароўя людзей, падтрыманне іх працаздольнасці. Аварыйна-выратавальныя і інш. неадкладныя работы вядуцца ў небяспечных умовах і патрабуюць спец. падрыхтоўкі спецыялістаў, іх адпаведнай экіпіроўкі і аснашчэння.

Для Беларусі найб. імаверныя Н.с.: аварыі і пажары з выкідам моцнадзейных атрутных рэчываў на хімічна небяспечных аб’ектах (іх у краіне больш за 370), аварыі на АЭС, што знаходзяцца каля межаў рэспублікі (Ігналінская, Літва; Смаленская, Расія; Чарнобыльская і Ровенская, Украіна); аварыі на магістральных нафта-, прадукта- і газаправодах. Магчымы таксама небяспечныя і разбуральныя прыродныя з’явы: паводкі, ураганы, смерчы, лясныя пажары, тарфяныя пажары, моцныя замаразкі. Для арганізацыі дзярж. мер па прадухіленні і ліквідацыі Н.с. прыроднага і тэхнагеннага характару створана Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (1999).

Літ.:

Жалковский В.И., Ковалевич З.С. Защита населения в чрезвычайных ситуациях. Мн., 1998;

Ионина Н., Кубеев М. 100 великих катастроф. М., 1999;

Катастрофа и человек. Кн. 1. Российский опыт противодействия чрезвычайным ситуациям. М., 1997.

В.​І.​Якаўчук, А.​П.​Герасімчык, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ситуа́ция сітуа́цыя, -цыі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бесканфлі́ктны, -ая, -ае.

Пазбаўлены канфлікту (канфліктаў).

Бесканфліктная сітуацыя.

|| наз. бесканфлі́ктнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ускладні́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -і́цца; зак.

Стаць больш або надта складаным.

Сітуацыя ўскладнілася.

|| незак. ускладня́цца, -я́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стрэ́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрэсу. Стрэсавая сітуацыя. У стрэсавым стане.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццёвы, -ая, -ае.

1. гл. жыццё.

2. Важны, істотны для жыцця, неабходны для людзей.

Жыццёвыя прапановы.

Жыццёвыя інтарэсы.

3. Узяты з жыцця; праўдападобны.

Ж. вобраз.

Жыццёвая сітуацыя.

|| наз. жыццёвасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Рэвалюцыйны крызіс, гл. Рэвалюцыйная сітуацыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

пат¹, -а, М па́це, мн. -ы, -аў, м.

Становішча ў шахматнай гульні, калі адзін з ігракоў не можа зрабіць ходу, не падставіўшы пад удар свайго караля; партыя лічыцца нічыёй.

|| прым. па́тавы, -ая, -ае.

Патавая сітуацыя (таксама перан.: бязвыхаднае становішча).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ажыята́ж, -у, м.

1. Павышаны попыт на якія-н. тавары, паслугі, стымуляваны пэўнымі падзеямі (вайна, распродаж і інш.).

2. Стрэсавая сітуацыя на біржы, выкліканая, як правіла, штучна створаным павышэннем ці паніжэннем курсу біржавых папер або цэн з мэтай атрымання прыбытку

|| прым. ажыята́жны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)