сільвіні́т, ‑у, М ‑ніце, м.

1. Асадкавая горная парода, у склад якой уваходзяць сільвін, каменная соль і іншыя дамешкі. Скарбы мора збірала вякамі, Шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч. Адшукалі ў глыбіні.. нафту, соль і сільвініты. Дубоўка.

2. Калійнае ўгнаенне, вырабленае з гэтай пароды. Да гэтага часу.. вазілі ў калгасы сільвініт — не зусім чыстую падкормку для пасеваў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўтыге́нны

(гр. authigenes = мясцовага паходжання);

а-ыя мінералы — мінералы асадачных горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу на месцы намнажэння (напр. галіт, сільвін, гіпс, кальцыт, даламіт, кварц, халцэдон, палявы шпат і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хло́р

(н.-лац. chlorum, ад гр. chloros = жоўта-зялёны)

хімічны элемент з групы галагенаў, газ жоўта-зялёнага колеру; шырока распаўсюджаны ў прыродзе ў выглядзе розных злучэнняў (гальвіт, сільвін і інш.); выкарыстоўваецца для адбелкі тканін, абеззаражвання вады.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.

Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.

А.П.Чарнякова.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)