радапсі́н

(ад гр. rhodon = ружа + ops = вока)

святлоадчувальны складаны бялок, асноўны зрокавы пігмент палачкавых клетак сятчаткі вока ў пазваночных жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электрарэтынагра́фія

(ад электра- + лац. retina = сетка + -графія)

запіс пры дапамозе асцылографа біяэлектрычных патэнцыялаў сятчаткі вока, што ўзнікаюць у час дзеяння на яе святла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕТАПЛАЗІ́Я (ад грэч. metaplasis пераўтварэнне),

1) ператварэнне аднаго віду тканкі ў другі ў чалавека і пазваночных жывёл. Напр., пераход плазматычнага ці цыліндрычнага эпітэлію ў чалавека ў шматслойны плоскі ў бронхах, слізістай абалонцы страўніка і інш. У хвастатых земнаводных адбываецца пры рэгенерацыі хрусталіка і сятчаткі вока. Адрозніваюць М. прамую і непрамую. Пры прамой ідзе трансфармацыя тканак без размнажэння клетак; пры непрамой — разрастаюцца маладыя клеткі. Вылучаюць 2 фазы непрамой М.: размнажэнне клетак (неапластычная фаза) і дыферэнцыроўка клетак з утварэннем новай тканкі (метапластычная фаза). Ачагі М. — перадпухлінны стан арганізма.

2) М., ці метаплазіс — перыяд росквіту ў індывід. развіцці асобіны і ў гісторыі некат. груповак арганізмаў (праяўляецца ў моцнай зменлівасці і мностве асобін).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ ((Ramón y Cajal) Сант’яга) (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),

іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв. клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).

А.С.Леанцюк.

С.Рамон-і-Кахаль.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтэрмеды́н

(ад лац. intermedius = прамежкавы)

лекавы прэпарат, які прымяняецца пры дэгенератыўных зменах сятчаткі вока, а таксама як сродак, што паляпшае адаптацыю да цемнаты, павышае вастрыню зроку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.​М.​Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,

вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш. Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.

Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч. цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗАРУ́КАСЦЬ, міяпія,

адзін з недахопаў рэфракцыі вока, пры якім чалавек дрэнна бачыць аддаленыя рэчы. Абумоўлена тым, што паралельныя прамяні, якія ідуць ад аддаленых рэчаў, сыходзяцца ў фокусе аптычнай сістэмы вока не на сятчатцы (як у нармальным воку), а перад ёю і даюць невыразнае адлюстраванне. Блізарукасць найчасцей узнікае ў школьным узросце, можа паступова павялічвацца да 18—20-гадовага ўзросту. Развіццю блізарукасці спрыяюць зрокавая работа на блізкай адлегласці, спадчынныя фактары. Адрозніваюць 3 ступені блізарукасці: слабую (да 3 дптр), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (6 дптр і вышэй). Блізарукія разглядаюць усё на блізкай адлегласці. Ад гэтага стамляюцца вочы, развіваецца мышачная і акамадацыйная астэнія, разыходная касавокасць, спазмы акамадацыі, пры цяжкай, злаякаснай блізарукасці ўзнікаюць змены ў сеткаватай і сасудзістай абалонках вока — расцяжэнні, дыстрафія, кровазліццё, разрывы і адслаенне сятчаткі. Лячэнне: карэкцыя блізарукасці акулярамі, ліквідацыя спазмаў акамадацыйнай мышцы. Пры блізарукасці высокай ступені хворым нельга фізічна і зрокава перанапружвацца. Пры блізарукасці, якая прагрэсіруе, робяць аперацыі — радыяльную керататамію, кератамілез, уздзейнічаюць эксімерным лазерным выпрамяненнем.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фасфе́н

(ад гр. phos = святло + phaino = паказваю)

зрокавае адчуванне колеру, якое ўзнікае ў чалавека без уздзеяння святла на вока, пры механічных, хімічных і электрычных раздражненнях сятчаткі або зрокавых участкаў кары галаўнога мозгу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

па́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да палка. // Прадмет у выглядзе ўказкі, якім карыстаецца дырыжор, кіруючы аркестрам. Капельмайстар стаіць перад аркестрам, гатовы ўзмахнуць палачкай. Крапіва.

2. Разм. Перпендыкулярная рыска на пісьме. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі. Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок. Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца. Бядуля.

3. У медыцыне — бактэрыя, падобная па форме на прадаўгаватую рыску; бацыла. Кішэчная палачка. Туберкулёзная палачка.

4. звычайна мн. (па́лачкі, ‑чак). Светлачуллівыя клеткі сятчаткі вока пазваночных жывёл і чалавека, падобныя па форме на прадаўгаватую рыску.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)