гру́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Вельмі моцны, раскацісты шум. Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Стукат і грукат, Машыны навокал снуюць. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак.

Разм. Ствараць стукат; стукатаць. Стукацела швейная машына, Мар’я Іванаўна, здаецца, забылася за ёю пра ўсё. Пестрак. Гулка стукацяць дзеравяшкі, шкробаюць чаравікі і боты. Палонныя стаміліся, ідуць не ў нагу, як папала. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Стаць, зрабіцца больш глухім (у 1–3 знач.). На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла, і нібы стукат тракаў паглушэў. Мележ. Неўзаметку арэшнік скончыўся, і хлапчук апынуўся ў густым маладым ельніку. Тут дарога паглушэла яшчэ больш. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гукаперайма́нне, ‑я, н.

Перадача голасам або тэхнічнымі сродкамі якога‑н. прыроднага або механічнага гучання, напрыклад: ку-ку, мяў-мяў. // Слова, утворанае шляхам пераймання прыроднага гучання абазначанага ім прадмета. Сустракаюцца словы, утвораныя спосабам гукапераймання (гукавая метафара), напрыклад: гудок, свісток, .. стукат, грукат, тупат, гром і да т. п. Юргелевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стуката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Ствараць стукат. А поезд імчыць, стукочуць колы, вядуць сваю мелодыю, і яна адклікаецца ў Вадзімавым сэрцы: «Та-та-та, та-та-та...» Марціновіч. // безас. Напаўняцца стукатам, стукам. У галаве цэлы дзень стукоча. // Моцна, часта біцца (пра сэрца). А сэрца неспакойнае стукоча, І любіць, і хвалюецца штодня. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы ў дасягненні сваёй мэты, свайго жадання. Настойлівы чалавек. □ Мы пабудзем тут шахцёрскі гарт Вопытных, настойлівых майстроў. Аўрамчык. Рос. [Нічыпар] упартым і настойлівым. Мележ.

2. Які выражае рашучасць. І зноў стукат, але ўжо інакшы — глухі і настойлівы. Лупсякоў. [Ніна] пачырванела пад настойлівым поглядам таварышкі. Васілевіч. // Які ажыццяўляецца з рашучасцю, упартасцю. Настойлівыя пошукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заты́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць тыкаць ​1.

заты́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць тыкаць ​2.

затыка́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заткнуць.

•••

Вушы затыкаць — старацца не чуць, не слухаць, не звяртаць увагі на тое, што адбываецца.

Хоць (ты) вушы затыкай — пра моцны крык, шум, стукат і пад.

Хоць (ты) нос затыкай — пра цяжкі, непрыемны пах, дух.

затыка́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заткаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натхні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць натхненне, творчы ўздым. // Выклікаць, абудзіць, навеяць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.); прымусіць прасякнуцца чым‑н. І ты будзеш, як матку, любіць Словы тыя, якія натхніў Гэты шорах і стукат рабін Пад вятрамі загадкавых ніў! Куляшоў.

2. Выклікаць душэўны ўздым, заахвоціць да якіх‑н. дзеянняў. [Слова] здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг. Юрэвіч. Першамайскія падарункі Радзіме яшчэ больш натхнілі дружны шахцёрскі калектыў. Кулакоўскі. Лазавенка пасылаў.. [на будоўлю] лепшых людзей і лічыў, што яны павінны натхніць, пацягнуць за сабой усіх астатніх. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сту́каць ‘удараць, грукаць; ляскаць’ (ТСБМ, Ласт., Варл.; астрав., ашм., Сл. ПЗБ), сту́гаць з азванчэннем к > г ‘стукаць, важка біць, збіваць’ (ТС), сту́кацца (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж стук ‘кароткі адрывісты гук’ (ТСБМ, ТС; мсцісл., Нар. лекс.), сту́кат ‘тс’, стуката́ць ‘бесперапынна стукаць’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., Растарг.), стукаце́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), стукаце́нь ‘груканне’ (чэрв., навагр., Сл. ПЗБ), стукаце́ць ‘грукатаць, ляпаць’ (ТС), стукуня́ць ‘тс’ (Пар. Том.). Параўн. укр. сту́кати, рус. сту́кать, стараж.-рус. стукъ, стукнути, серб.-ц.-слав. стоукъ ‘гук; шум, звон’, польск. stukać, н.-луж. stukaś, чэш. дыял. stukať, славац. stukať ‘тс’. Прасл. дыял. *stukati гукапераймальнага паходжання; параўн. лат. stukât ‘ісці маленькімі крокамі’, stuknît ‘штурхаць, прасоўвацца ўперад ударамі’, stucinât ‘стукацець, грукаць’ і інш.; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1100, 1102; гл. яшчэ Міклашыч, 327; Брукнер, 523; Праабражэнскі, 2, 407; Атрэмбскі, LP, 1, 147; Шустар-Шэўц, 1370. Аналагічна чэш. ťukati ‘пастукваць’, франц. разм. toquer ‘пастукваць’, іт. tocco ‘стук’, тур., крым.-тат. taka, tuka ‘стук (сякеры, малатка)’. Гл. Фасмер, 3, 787; ЕСУМ, 5, 458 (узводзіцца да прасл. *stuk‑). Гл. таксама тукаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)