БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),
назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
т. 5, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
М.В.Нікалаеў.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.
І.Н.Колабава.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНТКО́ЎСКІ ((Piontkowski) Каспар) (1554—1612),
польскі драматург. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі, для якой на пачатак школьнага года напісаў п’есу «Цімон Гардзілюд» (каля 1584), куды ўвайшла першая інтэрмедыя на бел. мове. У ёй выкрываюцца псеўдавучонасць і чалавеканенавісніцтва; камічны эфект ствараецца спалучэннем ант. і мясц. элементаў. На творчасць П. паўплывалі ідэі еўрап. Адраджэння. Аўтар «Дыялогу аб міры для караля Стафана» (паст. 1582), дзе асуджаюцца захопніцкія войны, інтэрмедыі «Лікус, Скева, Секстус» (1584).
Тв.:
У кн.: Draniaty staropolskie. Warszawa, 1961. Т. 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
А.В.Мальдзіс.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЧЫ ((Gucci) Санці) (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
т. 5, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст. да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),
польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).
т. 8, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.
т. 12, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.
Тв.:
Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)