у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗА,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл.гл. пры арт.Гаргоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ,
у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.
Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫФЕ́Й (ад грэч. koryphaios правадыр, кіраўнік),
1) у старажытна-грэчаскай трагедыі кіраўнік хору, яго найб. кваліфікаваны ўдзельнік. Выконваў меладэкламацыйныя рэчытатывы, вёў дыялогі з гал. героямі.
2) Вядучы танцоўшчык (танцоўшчыца) кардэбалета, які выступае ў першай лініі і выконвае асобныя невял. танцы. У сучаснай балетнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца рэдка.
3) У пераносным сэнсе — выдатны дзеяч у якой-н. галіне ведаў, звычайна ў навуцы ці мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́ДЫ, вакханкі, басарыды,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі спадарожніцы Дыяніса (Вакха). Паводле міфаў, М., паўаголеныя, упрыгожаныя вінаградным лісцем і плюшчом, усё знішчаюць на сваім шляху жэзламі, забіваюць жывёл і п’юць іх кроў. Часам іх ахвярамі становяцца і людзі. У вар’яцкім захапленні М. клічуць Дыяніса Бромія («Шумлівага») або Дыяніса Плюшчавага воклічамі «Вакх, Эвое». Пад іх ударамі з зямлі цякуць малако і мёд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЧХА́ТРА,
старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́С, Арэй,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.Батычэлі, Я.Тынтарэта, П.Рубенса, Ж.Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РДУК,
у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЫСЕ́Я»,
старажытна-грэчаская эпічная паэма, якую разам з «Іліядай» (створана раней за «Адысею») прыпісваюць Гамеру. Напісана гекзаметрам, пазнейшымі ант. выдаўцамі падзелена на 24 кнігі. Апавядае пра падарожжы і прыгоды Адысея. У аснове «Адысеі» сусв. вядомы фалькл. сюжэт: муж (Адысей) пасля доўгіх блуканняў вяртаецца непазнавальны да дня новага вяселля сваёй жонкі (Пенелопы). У адрозненне ад ваенна-гераічнай тэматыкі «Іліяды» «Адысея» мае ў асн. бытавы і казачны матэрыял. У вобразе Адысея вылучаюцца разумовыя і маральныя якасці, хітрая вынаходлівасць і разлік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛО́Н (грэч. pylōn літар. брама, уваход),
1) масіўны слуп (слупы), які служыць апорай арак, мастоў, перакрыццяў будынкаў ці падземных збудаванняў.
2) Невысокія слупы, пастаўленыя па баках уезда ці ўвахода на тэр. сядзіб, палацаў, паркаў і інш. (найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму).
3) Вежападобнае збудаванне ў форме ўсечанай піраміды (у плане выцягнуты прамавугольнік) з трапецападобным фасадам. П. ставілі абапал вузкага ўвахода ў стараж.-егіпецкія храмы (каля 2050—1700 да н.э.).