ПІЛА́,

ручны або механізаваны (станочны) шматразцовы інструмент для распілоўвання (рэзкі) драўніны, металу, каменю і інш. матэрыялаў.

У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць П.: ручныя (двухручныя) са свабодным палатном; лучковыя з нацягнутым палатном; нажоўкі, дыскавыя і ланцуговыя пілы; станочныя паласавыя, стужачныя, дыскавыя, цыліндрычныя, сферычныя і інш., якія выкарыстоўваюцца ў лесапільных рамах, круглапільных станках, стужачнапільных станках і інш. дрэварэзальных станках. Для рэзання металу існуюць П.: дыскавыя, у т. л. П. трэння — для размякчэння матэрыялу трэннем дыскам без зубоў і абразіўныя — для рэзання вярчальным абразіўным дыскам (гл. Абразіўны інструмент), нажовачныя і стужачныя — для рэзання бясконцай гнуткай стальной стужкай з зубамі. У каменеапрацоўцы выкарыстоўваюць дыскавыя, канатныя і ланцуговыя П. (гл. Каменярэзныя машыны).

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕ́НТ (ад лац. instrumentum прылада),

прылада працы чалавека або выканаўчы механізм машыны. Адрозніваюць І. ручны (долата, малаток, зубіла і інш.), станочны (разцы, фрэзы, свердлы і інш.) і механізаваны з эл., гідраўл. або пнеўматычным прыводам (т.зв. ручныя машыны — свідравальныя, шліфавальныя, рубільныя, апіловачныя, кляпальныя, шабравальныя і інш.).

Найб. пашыраны дрэварэзальны інструмент, кавальскі інструмент, металарэзны інструмент, слясарна-зборачны інструмент, сталярна-цяслярскі інструмент, а таксама рознага прызначэння абразіўны інструмент. Асобную групу складае вымяральны 1.: вугламеры, глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры, штангенінструмент, калібры, канцавыя меры, лінейкі, цыркулі і г.д. (гл. Вымяральная тэхніка). Да І. адносяць таксама: некаторыя прыстасаванні, штампы, ліцейныя мадэлі, какілі; І. для хірург. аперацый у медыцыне і ветэрынарыі (гл. Хірургічныя інструменты); музычныя інструменты.

Літ.:

Инструменты и приспособления 2 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)