ДЫФЕНІЛАМІ́Н,

араматычны другасны амін, NH(C6H5)2. Бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, tпл 54—55 °C, tкіп 302 °C, шчыльн. 1159 кг/м³ (25 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў канцэнтраваных мінер. к-тах, эфіры, спірце, бензоле і інш. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем аніліну з яго гідрахларыдам пры 300 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, як стабілізатар пораху і пластмас, інгібітар карозіі мяккіх сталей, індыкатар у аналіт. хіміі. Таксічны, ГДК 10 мг/м³.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НЧАТЫ ВАЛ,

вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.

Каленчаты вал: 1 — карэнная шыйка; 2 — калена (крывашып); 3 — шатунная шыйка; 4 — шчака.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

феравальфра́м

(ад фера- + вальфрам)

сплаў жалеза з вальфрамам, які выкарыстоўваецца пры вырабе інструментальных і некаторых канструкцыйных сталей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фераніо́бій

(ад фера- + ніобій)

сплаў жалеза з ніобіем, які выкарыстоўваецца пры легіраванні (гл. легіраваць) нержавеючых, гарачаўстойлівых сталей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ферамалібдэ́н

(ад фера- + малібдэн)

сплаў жалеза з малібдэнам, які выкарыстоўваецца пры легіраванні (гл. легіраваць) інструментальных і нержавеючых сталей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІЗАТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,

апрацоўка металаў (пераважна сталей) награваннем іх да пэўнай т-ры (пры якой утвараецца аўстэніт) і наступным ахаладжэннем з вытрымкай пры пастаяннай т-ры. Найб. пашыраны ізатэрмічныя загартоўка і адпал.

Ізатэрмічную загартоўку выкарыстоўваюць для змяншэння загартовачных напружанняў і атрымання пэўнай структуры (у сталях найчасцей структуры т.зв. бейніту, якая ўтвараецца ў выніку прамежкавага ператварэння аўстэніту). Ізатэрмічны адпал — награванне вырабу да аўстэнітнага стану, вытрымка пры такой т-ры, ахаладжэнне прыкладна да 600—700 °C, новая вытрымка да заканчэння распаду аўстэніту, ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~10​4К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.

Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІ́ЎКА металу,

напаўненне вадкім металам (сплавам) уліўніцы ці лінейнай формы, дзе ён зацвердзявае, утварае злітак ці фасонную адліўку; тэхнал. працэс ліцейнай вытворчасці.

Пашыраны 2 спосабы Р. з каўша ва ўліўніцу: зверху і сіфонам. Р. зверху атрымліваюць зліткі для перапрацоўкі ў кавальскіх цэхах, Р. сіфонам (метал падаецца знізу адначасова ў некалькі ўліўніц) — зліткі якасных і высакаякасных сталей у мартэнаўскіх і электрасталеплавільных цэхах. Р. ў ліцейныя формы дае фасонныя вырабы. Для Р. выкарыстоўваюць адна- і двухстужачныя разліўныя машыны (тыпу ланцуговага канвеера), карусельныя машыны і механізаваныя разліўныя цялежкі.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

феравана́дый

(ад фера- + ванадый)

сплаў жалеза з ванадыем, які выкарыстоўваецца ў якасці дамешку пры вырабе леправаных (гл. легіраваць) сталей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жале́за, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.

2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.

3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)