ПЛАДАВОДСТВА
Навуковыя асновы пладаводства на Беларусі закладзены ў 2-й пал. 19 ст. М.В.Рытавым (паказаў значэнне мясц. сартоў пладовых культур) і В.В.Пашкевічам (правёў шырокія памалагічныя даследаванні). Сістэматычныя навук. даследаванні ў галіне пладаводства разгарнуліся пасля арганізацыі ў 1925 Бел. аддзялення Усесаюзнага ін-та раслінаводства пад кіраўніцтвам М.І.Вавілава, на базе якога пазней створаны Бел. НДІ пладаводства. У 1925—32 сабрана вялікая колькасць сартоў пладова-ягадных культур з розных эколага-геаграфічных раёнаў (Э.П.Сюбарава, А.Я.Сюбараў), вывучэнне якіх дапамагло правесці пародна-сартавое раянаванне пладова-ягадных культур на Беларусі. Селекцыю ягадных культур у краіне пачаў у сярэдзіне 1930-х г. А.Р.Валузнёў. Пазней у гэту працу ўключыліся яго вучні і паслядоўнікі З.У.Граковіч, Н.А.Зазуліна, А.У.Панцееў, Г.П.Раінчыкава. У арганізаваную Н.І.Міхневічам, Сюбаравай і Сюбаравым працу па вывядзенні новых сартоў усіх асноўных семечкавых і костачкавых пладовых культур у 1960—80-я г. ўключыліся М.І.Вышынская, Дз.В.Граковіч, Р.К.Каваленка, З.А.Казлоўская, В.А.Мацвееў, Н.М.Мельнік, М.Р.Мялік, В.І. і І.П.Сікора, Р.М.Сулімава, А.В.Сямашка.
З сярэдзіны 1960-х г. прафесар А.С.Дзявятаў сумесна з А.Ф.Радзюком, В.А.Рэзвяковым, І.М.Стацкевічам, А.М.Талочка, Г.У.Шчурок і інш. правялі даследаванні па агратэхніцы прамысловага сада, распрацавалі методыкі ацэнкі садапрыдатнасці зямель і баніціроўкі пладовых насаджэнняў, вывучылі рэгіёны перспектыўнай канцэнтрацыі прамысл. пладаводства. З 1957 у НДІ пладаводства праводзяцца даследаванні па агратэхніцы ягадных культур (А.Г.Душчынская, Я.М.Малашэнка, М.С.Ціханоўскі і інш.). З 1970 распрацоўваюцца нізказатратныя тэхналогіі захавання і перапрацоўкі пладоў і ягад (Р.Э.Лойка, М.Р.Максіменка, В.А.Радзюк і інш.), вывучаецца біяхім. склад пладоў і ягад (Т.С.Шырко, І.У.Ярашэвіч і інш.). З пач. 1980-х г. актывізаваліся даследаванні ў галіне гадавальнікаводства (В.Н.Балобін, Р.Ф.Мацвеева, Г.І.Пуцыла, Г.К.Саланец, В.А.Самусь і інш.).
З мэтай паскарэння селекцыйнага працэсу ў 1990-х г. пачата распрацоўка методык атрымання зыходнага матэрыялу для селекцыі з выкарыстаннем біятэхнічных метадаў і цытаэмбрыялагічнага аналізу (М.С.Кастрыцкая, Н.В.Кухарчык, М.П.Малюкевіч, С.Э.Семенас і інш.). Супрацоўнікамі НДІ пладаводства выведзены 174 сарты пладовых і ягадных культур.
У БСГА вывучаюцца пытанні вырошчвання пладова-ягадных культур (М.І.Бурштэйн), выяўляюцца сарты і клоны нар. селекцыі (А.М.Іпацьеў). У выдадзеных працах «Помология БССР» змешчаны матэрыялы аб сартах яблыні, грушы, костачкавых і ягадных культур, якія найб. адказваюць прыродным і эканам. умовам Беларусі (Ю.Г.Багданава, Л.А.Дазорцаў, А.М.Іпацьеў, А.А.Меліхаў, Г.П.Солапаў і інш.).
Навук. даследаванні па пладаводстве праводзяцца на Брэсцкай абласной доследнай с.-г. станцыі, Лужаенянскай і Горацкай сортавыпрабавальных станцыях, Гродзенскім занальным Ін-це раслінаводства і інш.
Літ.:
Плодоводство // Сб. науч. тр. Бел. НИИ плодоводства. Мн., 1995. Тое ж. Мн., 2002;
Сорта плодовых, ягодных, орехоплодных культур и винограда селекции Института плодоводства Нац. АН Беларуси: Кат. Мн., 2003.
У.У.Скарына, В.А.Самусь.
т. 18, кн. 2, с. 584