Сейм ‘саслоўна-прадстаўнічы орган у Рэчы Паспалітай’ (ТСБМ), се́ймік ‘зборка дэлегатаў ВКЛ перад сеймам у Варшаве’ (ТСБМ), се́юм ‘бяседа’ (Сл. Брэс.), сеймікаваць ‘радзіцца, меркаваць’ (Сцяшк. Сл.), сеймікава́цца ‘раіцца, дагаворвацца’ (стаўб., Нар. сл.), сэймікава́цца ‘тс’ (Скарбы), посемова́ць ‘параіцца’ (Сл. Брэс.). Ад ст.-бел. сеймъ, сэймъ, съемъ ‘тс’ з польск. sejm ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 34). Гл. сойм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
СЕЙМ (польск. sejm, літ. saimas, чэш. sněm),
1) саслоўна-прадстаўнічая ўстанова ў саслоўных манархіях Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім і ў іх аб’яднанай дзяржаве — Рэчы Паспалітай (гл. Сойм), у Чэхіі ў 13—пач. 20 ст. 2) Рус. назва парламента ў Вял. княстве Фінляндскім, якое ў 1809—1917 уваходзіла на правах аўтаноміі ў склад Рас. імперыі.
3) Аднапалатныя парламенты ў Літве ў 1922—40 і з 1992 (паводле канстытуцый 1922 і 1992), Латвіі ў 1922—34 і з 1993 (паводле канстытуцыі 1922, адноўленай у 1993); ніжэйшая палата парламента Польшчы ў 1921—39 і з 1989.
4) Вышэйшы орган дзярж. улады і адзіны заканад. орган у Польшчы ў 1947—88.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́ВА, ухвала,
спецыяльны прававы акт ВКЛ у 16 ст., прысвечаны асобным пытанням цывільнага, крымін. і працэсуальнага права, а таксама дзярж. кіраванню краіны. Мела сілу закона. Паводле сцвярджэння гісторыка М.Н.Ясінскага ў працы «Устаўныя земскія граматы Літоўска-Рускай дзяржавы» (Кіеў, 1889), назва акта адрознівалася ў залежнасці ад суб’екта заканадаўства: акт, які прымаў вял. князь, наз. «ўстава», акт, што прымаў сойм — «ухвала». У. наз. таксама пісьмовыя распараджэнні ваявод пра ўстанаўленне цэн на пэўныя харч. тавары, віно, прыправы і рамесныя вырабы, што ўвозіліся з-за мяжы. Гэтыя своеасаблівыя прэйскуранты выдаваліся ў кожным ваяводстве звычайна двойчы на год, яны абвяшчаліся і вывешваліся на рынках і ў інш. людных месцах.
т. 16, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1767,
саюз пратэстанцкай (кальвінісцкай і лютэранскай) і правасл. шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў паліт. правах з каталіцкай шляхтай. Фактычна арганізавана Рас. імперыяй для ўмяшання ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Абвешчана ў сак. 1767 у Слуцку, дзе была абрана яе рада з 33 чал. (амаль усе пратэстанты), у т. л. правасл. магілёўскі епіскап Георгій Каніскі, і маршалак — ген.-маёр Я.Грабоўскі (кальвініст). Акт С.к. падпісалі 248 чал. Канфедэрацыю ўзяла пад сваю «імператарскую пратэкцыю» Кацярына II. Канфедэраты разам з часцямі рас. арміі рушылі на Мінск, Вільню, Варшаву. Надзвычайны сойм у Варшаве ў 1767—68 зацвердзіў «вечны трактат» з Расіяй, абвясціў правасл. і пратэстанцкай шляхце роўныя правы з каталіцкай шляхтай.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІХО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Астоя» ў ВКЛ. Прозвішча ад маёнтка Уніхова ў Новагародскім ваяв. Першы вядомы прадстаўнік роду — Павел Якаўлевіч У. (1514—26.12.1593). Найб. вядомыя:
Януш, сын Паўла Якаўлевіча, менскі харунжы, падстолі з 1618. Міхал, сын Паўла Якаўлевіча, харунжы віцебскі, пасол на сойм 1626. Крыштоф Казімір (?—пасля 18.8.1657), сын Януша, каралеўскі сакратар, інстыгатар ВКЛ з 1649. Самуэль Крыштоф Паўлавіч, мазырскі суддзя гродскі ў 1643—49, войскі ў 1670—84, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1672, палкоўнік Новагародскага ваяв. Аляксандр Юзаф Міхайлавіч (?—1722), суддзя земскі менскі з 1695, кашталян жамойцкі з 1709. Багуслаў Аляксандр (?—чэрв. 1697), пісар земскі новагародскі ў 1678—87, дэпутат Скарбовага трыбунала ВКЛ у 1683, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1687 і 1696, ваявода трокскі з 1689.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 16, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЯЛЯ́НСКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета арг-цыі «Беларускае працоўнае сялянства». Выдавалася ў чэрв. 1921 — крас. 1922 у г. Каўнас (Літва) на бел. мове, выходзіла нерэгулярна. Рэдакцыя стаяла на пазіцыях непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, прапаведавала ідэю сац. і нац. самаўсведамлення сялянства, гуртавання яго сіл на вызв. барацьбу супраць польскай акупацыі. Асобныя публікацыі скіраваны на барацьбу за незалежнасць Беларусі. Аддавала ўвагу выбарам у Віленскі сойм, пытанню далучэння Віленшчыны да Польшчы. Змясціла рэзалюцыі 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага), дэкларацыю ўрада БНР у сувязі з 4-й гадавінай абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, матэрыялы пра каап. рух і школьнае пытанне. Друкавала творы П.Мядзёлкі, А.Смаленца, І.Дварчаніна (пад псеўд. І.Гудок), В.Мурашкі (В.Маслоўскай), В.Ластоўскага (пад псеўд. Юрый В.), Т.Грыба (пад псеўд. А.Небарака), М.Бяздольнага. Выйшла 7 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
В.В.Антонаў, С.С.Рудовіч, В.В.Швед.
т. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІЯ,
шляхецкі род герба «Суліма» ў ВКЛ. Упамінаюцца з 1500. Найб. вядомыя:
Марцін (?—1594), цівун і гараднічы трокскі, маршалак гаспадарскі ў 1580—90, кашталян менскі ў 1590—92 і віцебскі з 1592. Меў сына Гераніма Максіміляна, старосту рагачоўскага. Бальцар (Бальтазар; ?—1633), брат Марціна, цівун трокскі, кашталян берасцейскі ў 1624—27 і смаленскі ў 1627—31, ваявода менскі з 1631. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Эразм, брат Марціна, палкоўнік каралеўскі, падкаморы ноўгарад-северскі.
Крыштоф, брат Марціна, суддзя земскі трокскі. Пакінуў сыноў Казіміра, канюшага трокскага, Караля, падкаморыя старадубскага, Збігнева, суддзю старадубскага, Максіміляна. стольніка старадубскага, Траяна, суддзю гродскага ашмянскага, Крыштофа, чашніка ашмянскага. Францішак, войскі старадубскі, суддзя гродскі пінскі, пасол на элекцыйны сойм 1679. Ігнацы (?—1787), староста слонімскі ў 1762—75, падканюшы ВКЛ з 1771. З гэтага роду паходзілі бацька і сын — Ф.І.Стравінскі, спявак, І.Ф.Стравінскі, кампазітар. Вядомы таксама роды С. гербаў «Даліва», «Гіпацэнтаўр», «Прыяцель».
М.І.Красноў.
т. 15, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЛО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Шэліга» ў ВКЛ. Валодалі землямі ў Слонімскім пав., з сярэдзіны 17 ст. мелі маёнтак Пескі. Найб. вядомыя:
Войцех (ахрышчаны 21.6.1762, Пескі — 3.3.1833), сын Францішка. Дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, у 1797—1816 маршалак Слонімскага пав., правадз. стацкі саветнік (1810), з 1831 старшыня Віленскага т-ва дабрачыннасці. Вызначыўся як актыўны прадпрымальнік, будаваў дарогі, млыны, бровары, прадпрыемствы па вырабе паперы, жалеза, сукна, шкіпінару, смалы і інш. Адам Тытус (ахрышчаны 25.12.1803, Пескі — 5.3.1854), сын Войцеха. Удзельнік паўстання 1830—31. Францішак Ксаверы (ахрышчаны 22.9.1806, Пескі — 9.1.1874), сын Войцеха. У 1830-х г. маршалак Слонімскага пав. Узначальваў Варшаўскае т-ва дабрачыннасці. У 1869 ад рымскага папы атрымаў графскі тытул. Вандалін (1814—84), сын Войцеха. Уладальнік Косава, дзе пабудаваў палац. Калекцыянер, аматар мастацтваў. Уладзіслаў (8.10.1871—10.4.1964), сын Францішка. З 1918 чл. К-та абароны крэсаў у Варшаве. Садзейнічаў адкрыццю ў 1924 у Альбярціне езуіцкай Усх. місіі па распаўсюджанні уніяцтва, выданні рэліг. л-ры на бел. мове.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́СТА, стараста,
1) у Старажытнай Русі прадстаўнік ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, звычайна з халопаў. У «Рускай праўдзе» ўпамінаюцца С. сельскі і ратайны.
2) У ВКЛ у 16—18 ст. С. — службовая асоба, якая кіравала адм. акругай (паветам), намеснік вял. князя (караля). Першапачаткова ажыццяўляў у акрузе поўную дзярж. і суд. ўладу. З узмацненнем у 16 ст. шляхецкага самакіравання і судаводства ў кампетэнцыі С. застаўся толькі гродскі суд (замкавы). Прызначаў сабе намесніка — падстаросту. На сойме 1774 пастаноўлена, каб гродавыя С. выбіраліся ў паветах. Чатырохгадовы сойм 1788—92 скасаваў суд. С.
3) У ВКЛ у 16—18 ст. С. нягродавы — дзяржаўца каралеўскіх маёнткаў (старостваў), звычайна пажыццёвы. Не меў адм.-судовых функцый, карыстаўся даходамі з маёнтка, у дзярж. скарб выплачваў кварту (чвэрць) на ўтрыманне войска. Атрымліваў староства ад манарха і сойма як узнагароду «за публічныя заслугі».
4) У Рас. імперыі службовая асоба сял. грамадскага кіравання. Гл. Стараста сельскі.
5) У 1918—39 кіраўнік павятовай адміністрацыі ў Польшчы, з 1921 і ў Зах. Беларусі.
т. 15, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)