Aids, AIDS = Acquired Immunal Deficit Syndrome

n (часцей без артыкля) мед. СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ВЕНЕРЫ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,

група інфекц. хвароб чалавека, аб’яднаных пераважна паводле спосабу перадачы ўзбуджальніка палавым шляхам. Бываюць выпадкі і кантактна-быт. заражэння. Вядома каля 20 венерычных хвароб: СНІД, сіфіліс, ганарэя, герпес, трыхаманоз, шанкер мяккі, лімфагранулема венерычная, данаваноз, хламідыёз, мікаплазмоз і інш. Шляхі пашырэння, метады дыягностыкі і лячэння вывучае венералогія. Адна з асаблівасцей венерычнай паталогіі — хвалепадобны характар з перыядычнасцю 10—15 гадоў. За апошнія 50 гадоў зарэгістраваны 3 хвалі венерычнай захваральнасці (1946, 1979, 1989). У распаўсюджванні венерычных хвароб вялікая роля належыць сац.-гігіенічным фактарам: дэмаграфічны рух, сац.-эканам. прагрэс, фактары паводзін, правільнае палавое выхаванне, вял. колькасць выпадковых палавых сувязей, сац.-культ. змены, алкаголь і наркотыкі, самалячэнне, рост разводаў, наяўнасць груп павышанай рызыкі, прастытуцыя, палавая ненармальнасць, дыягнастычныя памылкі і інш. Прафілактыка венерычных хвароб падзяляецца на грамадскую і асабістую. Грамадская: актыўнае выяўленне, лячэнне і ўлік хворых, бясплатнае лячэнне хворых на сіфіліс, СНІД, абследаванне на сіфіліс цяжарных жанчын, работнікаў харч. прам-сці і дзіцячых устаноў і інш. З мэтай змяншэння небяспекі ад пашырэння венерычных хвароб заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за ўхіленне ад лячэння гэтых хвароб і заражэнне імі інш. асоб (арт. 113 КК). Асабістая: недапушчальнасць выпадковых палавых сувязей, выкарыстанне індывід. партатыўных прафілакт. сродкаў.

М.З.Ягоўдзік.

т. 4, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РПЕС (ад грэч. herpēs лішай),

вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,

у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕРАЛО́ГІЯ,

аддзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, шляхі пашырэння, клінічныя праяўленні, метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі венерычных хвароб. Даследуе інфекц. захворванні, узбуджальнікі якіх перадаюцца пераважна палавым шляхам (у т. л. некат. хваробы мочапалавога тракту, скурныя хваробы, СНІД). Венералогія цесна звязана з дэрматалогіяй. Вял. значэнне набывае вывучэнне сац. прычын венерычных хвароб, а таксама распрацоўка метадаў іх індывід. і грамадскай прафілактыкі.

Звесткі пра венерычныя хваробы ёсць у творах Гіпакрата, Цэльса, Плутарха, Галена, Ібн-Сіны і інш. асветнікаў, у працах прадстаўнікоў Салернскай мед. школы (12—13 ст.). Канец 15 ст. адзначыўся пандэмічным пашырэннем сіфілісу, з’яўленне якога ў Расіі ўпершыню апісана ў 1490. У 19 ст. адкрыты ўзбуджальнікі трыхаманозу (А.Данье, 1836), ганарэі (А.Найсер, 1879), мяккага шанкеру (П.Ферары, А.У.Петэрсен і А.Дзюкрэй, 1885—89), сіфілісу (Ф.Шаўдзін і Э.Гофман, 1905). Ням. вучоныя А.Васерман і Найсер распрацавалі метад серадыягностыкі сіфілісу (рэакцыя Васермана, 1906). Пачаткам навук. венералогіі ў Расіі лічыцца 2-я пал. 19 ст., калі пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу створана кафедра венерычных хвароб (1869) пад кіраўніцтвам В.М.Тарноўсгага, засн. сіфілідалогіі. Значны ўклад у развіццё венералогіі зрабілі М.І.Стукавенкаў, А.І.Паспелаў, А.Г.Ге і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па венералогіі пачаліся ў 19 — пач. 20 ст. У 1867 створана т-ва мінскіх урачоў, з якога ў 1914 вылучылася група ўрачоў-дэрматавенеролагаў. Мэтанакіраваныя даследаванні па венералогіі пачаліся ў 1923 на кафедры скурных і венерычных хвароб мед. ф-та БДУ. У 1932—88 яны канцэнтраваліся ў Бел. н.-д. скурна-венералагічным ін-це, вядуцца таксама ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавалася пашырэнне (В.Ю.Мранговіус), удасканальваліся прафілактыка і лячэнне венерычных хвароб, вывучаўся ўплыў ганарэі на рэпрадукцыйную функцыю мужчын і жанчын. Распрацаваны метады лячэння сіфілісу пеніцылінам (А.Я.Пракапчук), безмыш’яковісты (С.С.Гарбулёў), скарочаны (Ю.Ф.Каралёў, А.П.Комаў), інструментальная дыягностыка, антыбіётыкатэрапія ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.В.Дыла, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава), удасканалена методыка серадыягностыкі сіфілісу (Б.М.Гінзбург). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і скарочаныя высокаэфектыўныя метады лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Я.С.Пеўзнер, А.П.Віторскі, Л.Г.Барабанаў, В.Г.Панкратаў, М.З.Ягоўдзік і інш.). Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скурвендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Гусаков Н.И. Развитие отечественной дермато-венерологии и ее важнейшие научные школы: Очерки. Ч. 1. М., 1992.

Л.Г.Барабанаў.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МБІЯ (Zambia),

Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч. Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на 3 з Анголай. Пл. 752,6 тыс. км2. Нас. 8936 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.

Сталіца — г. Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд. ч. воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т.л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн. кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).

Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т.л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т.л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км2). У засушлівых мясцінах на 3 і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чьшгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.

Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст. н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр. арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр. нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т.л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.

У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.

Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс. т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс. т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд. кВт гадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс. кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр. з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (КітвеНкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс. т, фосфарных — 19,2 тыс. т, калійных — 8,3 тыс. т, цукру — 150 тыс. т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс. м³, паперы і кардону — 4 тыс. т, цэменту — 376 тыс. т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл. с.-г. зямель каля 7 млн. га, у т.л. пад ворывам каля 2 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сць харч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс. т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс. т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс. т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс. км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд. дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.

Літ.:

Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;

Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Замбіі.
Да арт. Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.

т. 6, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)