КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.
т. 8, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Мінск. Пл. акругі 10 888 км², нас. 498,6 тыс. чал. (1924); пасля ўзбуйнення пл. 21 421 км², нас. 879,7 тыс. чал. (1927). Уключала 11 раёнаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Заслаўскі, Койданаўскі, Лагойскі, Пухавіцкі, Самахвалавіцкі, Смалявіцкі, Смілавіцкі, Уздзенскі, Чэрвеньскі, Шацкі (4.8.1927 ліквідаваны), 2 гарады (Мінск, Чэрвень), 8 мястэчак (Заслаўе, Койданава, Лагойск, Пухавічы, Смалявічы, Смілавічы, Узда, Шацк). Акруговая газ. «Беларуская вёска». 9.6.1927 да М.а. далучаны Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі (27.9.1927 скасаваны), Крупскі (18.6. 1927 перададзены Аршанскай акр.), Плешчаніцкі і Халопеніцкі р-ны скасаванай Барысаўскай акр., Грэскі і Капыльскі р-ны ліквідаванай Слуцкай акр. 26.7.1930 М.а. скасавана.
т. 10, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Л.С.Савік.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСК,
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс. ж. (2000).
У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.
Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.
т. 13, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)