ВО́НДРАК ((Vondrák) Вацлаў) (22.9.1859, г. Дуб, Чэхія — 13.8.1925),
чэшскі філолаг-славіст. Праф. ун-та ў Брно. Даследаваў стараслав. мову, распрацоўваў пытанні паўд.-слав. палеаграфіі (вывучаў глаголіцу), займаўся параўнальным вывучэннем слав. моў. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—2, 1906—08), «Утварэнне сучаснай літаратурнай чэшскай мовы» (апубл. 1926).
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАЎ (Светамір Тодараў) (10.7.1920, Сафія — 6.2.1991),
балгарскі мовазнавец-славіст, перакладчык. Ініцыятар бел.-балг. мовазнаўчых сустрэч (з 1976 праводзяцца па чарзе ў Мінску і Сафіі). Даследаваў катэгорыю аспекту слав. дзеяслова, з’явы анафары ва ўжыванні займеннікаў, інш. пытанні балг. граматыкі і лексікалогіі, а таксама праблемы станаўлення і ўзаемадзеяння слав. моў. Перакладаў з чэш. мовы на балгарскую.
А.Я.Супрун.
т. 7, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КАЛА ((Mikkola) Іосіф Юліус) (6.7.1866, Волаярві, Фінляндыя — 28.9.1946),
фінскі мовазнавец-славіст. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Праф. слав. філалогіі ун-та ў г. Хельсінкі (1900—34). Вучань П.Фартунатава. Навук. працы ў галіне параўн. граматыкі, акцэнтуацыі слав. моў, сувязей слав. моў з прыбалтыйска-фін., герм. і інш. мовамі. Асн. праца — «Праславянская граматыка» (т. 1—3, 1913—50). Даследаваў стараж. гісторыю Паўн. і Усх. Еўропы.
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНШТЭ́ЙН (Самуіл Барысавіч) (н. 3.11.1911, г. Баргузін, Бурація),
рускі вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Праф., чл.-кар. Балг. і Македонскай АН. Асн. працы ў галіне слав. і балканскага мовазнаўства. У манаграфіях «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў» (т. 1, 1961) і «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў: Чаргаванні. Іменныя асновы» (т. 2, 1974) даследуюцца праблемы марфаналогіі і лінгвістычнай геаграфіі, паслядоўна выкарыстоўваецца матэрыял бел. літаратурнай і дыялектнай моў.
Р.М.Малько.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́НАЎ (Марын Стаянаў) (20.10.1838, г. Панагюрыштэ, Балгарыя — 13 3.1906),
балгарскі і рускі гісторык-славіст. Чл. Пецярб. АН (1898). Скончыў Маск. ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў (1869) і першы старшыня Балгарскага т-ва прыхільнікаў ведаў (з 1911 Балгарская АН). З 1873 праф. Харкаўскага ун-та. Уваходзіў у Часовае рус. кіраванне ў Балгарыі пасля рус.-турэцкай вайны 1877—78. У 1878—79 заг. аддзела нар. адукацыі і духоўных спраў. Працы па стараж. гісторыі славян.
т. 6, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Раман Фёдаравіч) (16.12.1853, С.-Пецярбург — 2.3.1920),
рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Праф. Маскоўскага ун-та (1886). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875). Далучаўся да кірунку младаграматызму. Аўтар прац па гісторыі слав. моў і л-р; з лінгвістычных даследаванняў найб. каштоўныя па слав. націску, словаўтварэнні, фанетыцы, граматыцы, палеаграфіі («Апісанне славянскай акцэнталогіі», 1880, і інш.). Распрацоўваў праблемы стварэння і выкарыстання міжнар. штучных моў (у т. л. эсперанта).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭЙК ((Wijk) Нікалас ван) (4.10.1880, г. Дэлдэн, Нідэрланды — 25.3.1941),
галандскі славіст і балтыст. Праф. Лейдэнскага ун-та (з 1913). Даследаваў стараслав. і жывыя слав., а таксама балтыйскія мовы; іх фаналагічныя і акцэнтныя сістэмы, слав. фальклор, рус. і польск. л-ры. Пачаўшы з індаеўрапеістычных і германістычных даследаванняў, перайшоў да вывучэння праслав. мовы і сфармуляваў палажэнні аб тэндэнцыях да гармоніі і ўзыходзячай гучнасці склада як асноўных фактарах развіцця праслав. гукавой сістэмы.
Тв.:
Рус. пер. — История старославянского языка. М., 1957.
А.Я.Супрун.
т. 4, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),
нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНЕКЕР ((Berneker) Эрых) (3.2.1874, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія, — 15.3.1937),
нямецкі мовазнавец-славіст. Далучаўся да младаграматызму. Акад. Польскай АН (1914). Праф. Пражскага (з 1902), Брэслаўскага (з 1909), Мюнхенскага (з 1911) ун-таў. Даследаванні па гісторыі і параўнальным слав. і балт. мовазнаўстве. Адзін з першых пачаў вывучаць стараж.-слав. сінтаксіс, у прыватнасці парадак слоў («Парадак слоў у славянскіх мовах», 1900). Асн. праца — «Славянскі этымалагічны слоўнік» (вып. 1—6, 1909—13, незавершаная, даведзена да слова «morъ»). У 1923—29 рэдагаваў час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў славянскай філалогіі»).
т. 3, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОК ((Broch) Олаф) (4.8.1867, г. Хортэн, Нарвегія — 28.1.1961),
нарвежскі мовазнавец-славіст. Праф. ун-та ў Осла (1900). Стваральнік слав. апісальнай фанетыкі. Даследуючы слав. мовы, значную ўвагу аддаваў бел. мове і яе дыялектам («Пра адзін беларускі дыялект на поўдзень ад Вільні», 1957). Аўтар прац: «Нарыс фізіялогіі славянскай мовы» (1910), «Гаворкі на захад ад Масальска» (1916). Пераклаў на нарв. мову «Ганну Карэніну» Л.Талстога і «Братоў Карамазавых» Ф.Дастаеўскага.
Тв.:
Studien von der slovakisch-kleinrussischen Sprachgrenze im östlichen Ungarn. [T. 1—2]. Kristiania, 1897—99;
Die Dialekte des südlichsten Serbiens. Wien, 1903.
т. 3, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)