Скі́ба, скі́бка ‘луста хлеба’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Варл., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Шн. 3, Мал., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Бір. дыс., ЛА, 4), ‘пласт, вал зямлі, які адкідаецца плугам пры ворыве’ (ТСБМ, Шат., Бес., Сл. ПЗБ), скі́бка ‘трэска’, ‘невялікі кавалак’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. скиба ‘луста’ (Альтбаўэр). Праз польск. skiba ‘луста хлеба , ‘пласт зямлі’ (Кюнэ, Poln., 96; Брукнер, 493) з ст.-в.-ням. scîba ‘луста’; Карскі (Белорусы, 157) у якасці зыходнай формы ўказваў н.-ням. Skeebe (Scheibe), што да ісл. skífa ‘луста’, аднак апошняе, як і дапушчэнне аб спрадвечнаславянскім паходжанні (набліжаецца да скубаць.; гл. Ільінскі, РФВ, 78, 203), абвяргаецца Фасмерам (3, 639). Ст.-бел. скиба ‘луста; скіба’ запазычана з ст.-польск. skiba ў пачатку XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 102). Гл. таксама Коген, Запіскі, 2, 236–237, дзе аўтар схіляецца да прапановы Ільінскага аб роднасці з скубаць (гл.) і ўзводзіць да ням. schiebe, с.-в.-ням. scîba і названую форму да і.-е. *skeib‑/*skeub‑, суадносную з і.-е. *skep‑/*skop‑, прадстаўленай у аскепак, шчапаць, скапец2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел. скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус. скот, скоти́на, ст.-рус. скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск. skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж. skót ‘тс’, чэш. skot ‘буйная рагатая жывёла’, серб.-харв. ско̏т, славен. skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг. скот ‘скаціна’, ст.-слав. скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл. *skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц. skatts ‘манета’, ст.-ісл. stattz ‘падатак’, ст.-сакс. skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням. scaz ‘манета’, нова-в.-ням. Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз. sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм. tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)