Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ (ваен.),
стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.
Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,
наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваныгал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.
У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.