дагераты́пія, ‑і, ж.
Даўнейшы спосаб фатаграфавання на металічную пласцінку, пакрытую слоем ёдзістага серабра.
[Ад імя фр. мастака Дагера і грэч. typos — адбітак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сярэбраплаві́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да выплаўкі серабра з руд. Сярэбраплавільная печ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суса́ль, -і, ж. (спец.).
Тонкія пласцінкі, плёнкі з розных металаў (золата, серабра, медзі і інш.), якія служаць для дэкаратыўнага аздаблення якіх-н. вырабаў.
|| прым. суса́льны, -ая, -ае.
Сусальнае золата.
С. пернік.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
цыянава́нне, -я, н. (спец.).
1. Насычэнне вугляродам і азотам паверхневага пласта стальных вырабаў для павышэння іх цвёрдасці.
2. Спосаб здабывання золата і серабра з руд шляхам растварэння іх у цыяністых растворах.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),
раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.
Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
серабро́, -а́, н.
1. Каштоўны бліскучы метал шаравата-белага колеру.
2. зб. Вырабы з гэтага металу.
Сталовае с. (посуд, сталовыя прыборы). Упрыгажэнні з серабра.
Нашы спартсмены заваявалі с. (сярэбраныя медалі; разм.).
3. Дробная разменная манета са сплаву з гэтым металам або нікелем.
Заплаціць серабром.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
серабры́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ро́ны; незак., што.
Пакрываць тонкім слоем серабра; надаваць чаму-н. серабрысты колер, бляск.
С. відэльцы.
Месяц серабрыў хвалі.
|| зак. вы́серабрыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны і пасерабры́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; пасярэ́браны.
|| наз. серабрэ́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
лі, нескл., н.
1. Кітайская мера даўжыні, роўная 0,333 м ці 576 м.
2. Мера вагі золата і серабра ў Кітаі, Манголіі, В’етнаме, роўная прыблізна 37 мг.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цыянава́нне, ‑я, н.
Спец.
1. Насычэнне вугляродам і азотам паверхневага слон стальных вырабаў для павышэння іх цвёрдасці.
2. Працэс атрымання золата, серабра з руд шляхам растварэння іх у цыяністых растворах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,
пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.
Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).
т. 13, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)