СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ ВО́СТРАЎ (Saint Lawrence Island),
на Пн Берынгава м., на ПдУ ад Чукоцкага п-ва. Тэр. ЗША (штат Аляска). Пл. каля 5 тыс.км². Паверхня нізінная, з ізаляванымі вулканічнымі ўзвышшамі. Выш. да 673 м (г. Кукулігіт). Тундра. Марскі (зверабойны) промысел. Нас. пункты — Гамбел, Савунга. Адкрыты дацкім і рус. мараплаўцам В.І.Берынгам у 1728.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ІЛЬІ́ ГО́РЫ (Saint Elias Mountains),
горны вузел у сістэме Кардыльер у Паўн. Амерыцы, на мяжы Аляскі (ЗША) і Канады. Даўж. 350 км. Найб. высокія вяршыні — г. Логан (6050 м) і Св. Ільі (5488 м). Складзены пераважна з гранітаў і асадкавых парод. Вышэй за 500 м — снежнікі, фірнавыя палі, буйныя ледавікі. На ніжніх схілах — хвойныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр.ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл.«Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз.Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл.бас. 1290 тыс.км². Ніжэй г. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс.м³/с. Марскія прылівы да г. Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб.ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб. гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Saint Lawrence),
паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак. каля ўсх. берагоў Канады. Адмежаваны ад акіяна а-вамі Ньюфаўндленд і Кейп-Брэтан. Пл. 249 тыс.км². Глыб. да 538 м. Упадае р.Св. Лаўрэнція. Клімат мусонны. Сярэдняя т-ра вады зімой ніжэй за -1 °C, летам да 15 °C. Салёнасць на ПнУ да 32 ‰, на З 12—15‰. Прылівы паўсутачныя (да 2 м). Са снеж. па май укрыты лёдам. Трапляюцца айсбергі. Суднаходства. Рыбалоўства. Парты: Сет-Іль, Квебек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,
помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр.ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.Мадэрна). На фасадзе з вял.цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум.бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум.бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.Манцу (манум.бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл.святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рымскі сабор святога Пятра.Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,
бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял.Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ» СІСТЭ́МА ВО́ДНЫХ ШЛЯХО́Ў,
найбуйнейшы водны шлях у Паўн. Амерыцы. Агульная даўж. 3,77 тыс.км Уключае Вялікія азёры (Мічыган, Гурон, Эры, Антарыо), ніжняе цячэнне р.Св. Лаўрэнція (320 км, у Канадзе), злучальныя каналы ў ЗША даўж. 345 км (Давенпарт — Чыкага, 185 км; Ніягара — Сірак’юс, 160 км) і Канадзе (Уэленд, воз. Эры — Антарыо, 45 км). Пабудаваны ў 1959, рэканструяваны ў 1970—72. Буйнейшыя парты: Манрэаль, Квебек, Таронта (Канада), Дэтройт, Чыкага (ЗША). Акіянскія судны ідуць без перавалкі праз Манрэаль, Таронта ў Атлантычны ак. Сістэма звязана таксама з р. Місісіпі.