зале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. залез, ‑ла; заг. залезь; зак.
1. Забрацца на што‑н., за што‑н., у што‑н., пад што‑н. Залезці на дрэва. Залезці за стол. Залезці ў кабіну. Залезці пад коўдру. □ Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Асіпенка. // Разм. Увайсці, заглыбіцца ў што‑н. Залезці ў ваду па калені. // перан. Далёка зайсці ў сваіх дзеяннях, гаворцы і пад. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, .. але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга было ўжо выбрацца. Шахавец.
2. Пранікнуць, прабрацца куды‑н. употай. Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном: — Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі! Якімовіч. // Разм. Пранікнуць, забрацца рукой, лапай і пад. куды‑н. Залезці ў кішэню. // перан. Незаконна ўзяць, прысвоіць сабе што‑н. чужое. — Вельмі ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Шамякін.
3. Разм. Заняць якую‑н., звычайна даходную або высокую пасаду. — Сволач!.. У трывожныя часы, калі рэспубліцы пагражалі ворагі, небяспека, у Мінскі ваенкамат залез, а тады настаўнікам быў. Нікановіч.
4. Забрацца за мяжу чаго‑н. Невядома праз што пасварыўся.. [Язэп] са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.
•••
Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) — многа напазычаць.
Залезці (улезці) у душу — а) увайсці, уцерціся ў чыё‑н. давер’е; б) шляхам надакучлівых распытванняў пранікнуць у асабістае, інтымнае жыццё каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́рства, ‑а, н.
1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.
2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.
3. перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства. «Беларусь». Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ. А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух. Матрунёнак. // Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола. Хомчанка. І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства. «Звязда». Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны! В. Вольскі.
•••
Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.
Вечнае царства — пра рай.
Вянчацца на царства гл. вянчацца.
Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.
Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае... Навуменка.
Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.
Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.
Царства нябеснае каму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула... Шамякін.
Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нягоднік, нікчэмнік, мярзотнік, вылюдак, вырадак, ліхадзей; недавярак, паршывец, паскуднік, паскуда, поскудзь, брыда, брыдота, паганец, падла, падлюга, падлюка, шэльма, гіцаль, акаянец, абармот, плюгавец, прахвост, гад, гадасць, нелюдзь, латрыга, дзяржыморда, сволач, свалата, злыдзень, жываглот, псяюха, псялыжнік, падкалоднік (разм.); зараза, цаца, злодзей, разбойнік, пачвара, халера, чорт, звер, сабака, сука, псіна, гніда, змей, скула, дэгенерат, азіят, езуіт (лаянк., перан.) □ лысы чорт, сукін сын
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)