САВІ́ЦКІ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 27.9.1919, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод твораў: «Вечар над Нёманам». (1949), «М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту» (1957), «Занёманскія будні» (1963), «У гады вайны» (1965), «Гродна. Каложа» (1967), «Вуліца першых дэманстрацый» (1969), «Свяшчэнныя камяні» (1975), «Ізумруд палёў» (1971), «Абнаўленне зямлі» (1977), «Партызаны-падрыўнікі» (1980), «На Нёмане» (1981), «Салдаты крэпасці» (1988), «Асенняя цішыня» (1997), «Год 1941» (1998), «Дні юнацтва майго пакалення» (1999), «Успаміны» (2000). Для твораў характэрны пастозная манера пісьма, сакавіты каларыт, выразнасць дэталей карціны.

В.Савіцкі. М.​В.​Фрунзе ў штабе Заходняга фронту. 1957.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Георгій Канстанцінавіч) (6.11.1887, С.-Пецярбург — 13.8.1949),

расійскі жывапісец і графік. Сын К.​А.​Савіцкага. Правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1908—15). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). З 1947 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це. Аўтар гіст., батальных і жанравых карцін («Апошні дзень Троі», 1915; «1919 гад», 1921; «Снежань у Маскве», 1925; «На манеўрах», 1938), партрэтаў, пейзажаў, ілюстрацый да кніг. Удзельнічаў у стварэнні панарамы «Штурм Перакопа» (1934—38), у выпуску «Окон ТАСС» (1941—42). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Молодым художникам о мастерстве. М., 1952.

Літ.:

Полищук Э.А. Г.​К.​Савицкий. М., 1961.

Г.Савіцкі. Снежань у Маскве. 1925.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Канстанцін Апалонавіч) (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз. чл. Пецярб. АМ (з 1895). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл. Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.

Літ.:

Левенфиш Е.Г. К.​А.​Савицкий, 1844—1905. Л.;

М., 1959.

К.Савіцкі. Рамонтныя работы на чыгунцы. 1874.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 4.3.1935, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),

бел. гісторык-архівіст. Д-р гіст. н. (1992), праф. (1997). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). З 1959 у Цэнтр. гіст. архіве Беларусі (з 1964 нам. дырэктара). З 1968 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1973 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і з 1977 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1982 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1987 у Мінскім мед. ін-це. З 1990 нам. нач. Гал. архіўнага ўпраўлення, з 1992 нам. старшыні к-та па архівах і справаводстве Беларусі, у 1996—2001 нам. дырэктара Бел. н.-д. ін-та дакументазнаўства і архіўнай справы. Даследуе праблемы сял., рабочага і рэв. руху, развіцця сельскай гаспадаркі і прам-сці Беларусі 19 — пач. 20 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1. 1984). Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Бунд у Беларусі, 1897—1921» (1997).

Тв.:

Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;

Рабочее движение в Беларуси (июнь 1907—февраль 1917 гг.). Мн., 1995.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 14, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Савіцкі Л. 9/441

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Савіцкі А. (анколаг) 11/647

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Савіцкі М. (казачнік) 5/225

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Савіцкі А. І. 8/152

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Савіцкі Б. П. 7/42

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)