КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм. магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.

Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.​Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, звязаны з пошукам, рэгістрацыяй і даследаваннем патокаў нейтрына ад пазаземных крыніц. Узнікла ў 1960-я г. разам са з’яўленнем прылад і метадаў дэтэктыравання нейтрына. Метады Н.а., у адрозненне ад інш. метадаў даследавання касм. аб’ектаў, даюць магчымасць вывучаць шчыльныя касм. аб’екты і даўнія касмалагічныя эпохі.

У Сусвеце нейтрына ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў у нетрах зорак і пры ўзаемадзеянні касм. выпрамянення з асяроддзем, напр. з рэчывам атмасферы Зямлі (атм. нейтрына), міжгалактычным і міжзорным газамі, морам рэліктавых фатонаў (гл. Рэліктавае выпрамяненне) і інш. Энергетычны спектр касм. нейтрына ад ~10​−4эВ (касмалагічныя, ці рэліктавыя нейтрына) да 10​20—10​28эВ. Энергія нейтрына ад Сонца і нестацыянарных зорак да 10​8эВ. Нейтрына слаба ўзаемадзейнічаюць з рэчывам, таму зоркі для іх практычна празрыстыя і яны бесперашкодна пакідаюць іх. Рэгістрацыя гэтых нейтрына дае магчымасць вызначаць т-ру, шчыльнасць і хім. састаў цэнтр. часткі зорак, недаступнай вывучэнню інш. метадамі. Слабае ўзаемадзеянне касм. нейтрына з рэчывам абумоўлівае складанасць іх дэтэктыравання (патрэбна вял. колькасць рэгістравальнага рэчыва і дэтэктары неабходна будаваць глыбока пад зямлёй). Створана 5 найб. магутных дэтэктараў сонечных нейтрына (ЗША, Расія — ЗША Італія — Расія, Японія, Канада) і 2 вял. дэтэктары атм. нейтрына (у воз. Байкал, Расія і антарктычным лёдзе, ЗША). З 1980 існуе сусветная служба назірання за ўспышкамі звышновых зорак у нейтрынным святле. Гл. таксама Нейтрынная астрафізіка.

І.​С.​Сацункевіч, А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.​Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.

Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.

Літ.:

Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;

Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);

Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)