дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),
раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,
раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-ва горных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.
Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАСТРУКТУ́РА (ад морфа... + структура),
буйныя формы рэльефу зямной паверхні (значныя няроўнасці рэльефу мацерыкоў і акіянічнага дна), асн. рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі (пераважна тэктанічным рухам) і ў марфалогіі якіх выразна адлюстроўваюцца геал. структуры. Напр., платформавыя раўніны, горныя краіны складкавых абласцей. Самыя вял. М. наз. геатэктурамі (мацерыковыя выступы, акіянічныя ўпадзіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ РЭЛЬЕ́Ф,
тып рэльефу высакагор’яў, якія ляжаць вышэй за снегавую лінію ці зведалі зледзяненне ў плейстацэне. Пашыраны ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе, Паміры, Цянь-Шані і інш. Характэрны востраканечныя вяршыні і вострыя грабяні, глыбокае расчляненне, стромкія схілы, скалістасць, ледавіковыя формы рэльефу (кары, цыркі, трогі, карлінгі і інш.). Адбываюцца актыўныя працэсы снегавой і ледавіковай эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ СКУЛЬПТУ́РА, геапластыка,
пластычная апрацоўка рэльефу мясцовасці, пры якой ён набывае скульпт. формы. У Л.с. вызначаюць эстэтызацыю прыродных форм рэльефу дадзенай мясцовасці з свядомай падкрэсленасцю найб. характэрных маляўнічых асаблівасцей ландшафту. Дазваляе фарміраваць рэльеф штучна, утвараць насыпныя ўзгоркі, тэрасы, схілы і інш. Пашырана ў многіх краінах Еўропы, ЗША і інш.Гл. таксама Ландшафтны дызайн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.