ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАВЕ́ЦКІ ((Mazowiecki) Тадэвуш) (н. 18.4.1927, г. Плоцк, Польшча),

польскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. У 1946—55 чл. грамадска-паліт. арг-цыі свецкіх каталіцкіх дзеячаў «Рах» (з лац. «Мір»), У 1953—55 гал. рэдактар штотыднёвіка «WTK» («ВТК»). Адзін з заснавальнікаў (1957) варшаўскага Клуба каталіцкай інтэлігенцыі і штомесячніка «Więź» («Сувязь»; у 1958—81 яго гал. рэд.). У 1961—71 дэпутат Сейма ад каталіцкай групы «Знак». У 1981 і 1989 гал. рэд. «Tygodnika Solidamość» («Штотыднёвіка Салідарнасць»). У 1981 інтэрніраваны. З 1982 дарадчык Л.Валенсы, з 1987 — Краёвай выканаўчай камісіі прафсаюза «Салідарнасць». У 1989—90 прэм’ер-міністр Польшчы. У 1992—95 спец. пасланнік Камісіі па правах чалавека ААН у б. Югаславіі. Аўтар успамінаў «Інтэрніраванне» (1982), публіцыст. нарысаў «Раздарожжы і вартасці» (1970), «Другі твар Еўропы» (1990).

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СІЯН РЭВ’Ю́»

(«Belarussian Review», «Беларускі агляд»),

грамадска-палітычны часопіс. Выдаецца з 1989 у ЗША (штат Каліфорнія) на англ. мове штоквартальна. Рэд. Я.Арцюх. Друкуе эканам., паліт., дзелавую, культ. інфармацыю з Беларусі, матэрыялы па гісторыі краіны, робіць эканам. аналізы. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах свету.

В.Кіпель.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НІПЕГ, Уініпег (Winnipeg),

возера на Пд Канады. Размешчана на выш. 217 м. Пл. 24,3 тыс. км². Даўж. 442 км, шыр. каля 100 км, глыб. да 28 м. У Вініпег упадаюць рэкі Саскачэван, Рэд-Рывер, выцякае р. Нельсан. На беразе Вініпега парк Уайтшэл з арніталагічным заказнікам. Суднаходства. Рыбалоўства.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯ́Н ((Vaillant) Андрэ) (3.11.1890, г. Суасон, Францыя — 23.4.1977),

французскі мовазнавец. З 1920 праф. Вышэйшай школы ў Парыжы. Даследаваў стараслав. мову («Падручнік стараславянскай мовы», т. 1—2, 1948), гіст. граматыку і лексікалогію слав. моў («Параўнальная граматыка славянскіх моў», т. 1—5, 1950—77). Рэд. «Revue des études slaves» («Агляд славянскіх даследаванняў»).

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКО́Ў (Фёдар Васілевіч) (21.6.1883, в. Чарнаўка Пензенскай вобл., Расія — 20.12.1958),

рускі пісьменнік. Друкавацца пачаў у 1900. За ўдзел у рэв. руху ў 1907 — 10 быў у ссылцы. Аўтар аповесцей «Удар» (1909), «Ізгоі» («У выгнанні», 1909, апубл. 1922), «Новая зямля» (1930); раманаў «Цэмент» (1925, новая рэд. 1930, перапр. 1944) — пра аднаўленне прамысловасці пасля грамадз. вайны, «Энергія» (1932—38, новая рэд. 1947) — пра буд-ва Днепрагэса, цыкла аўтабіягр. твораў: «Аповесць пра дзяцінства» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вольніца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Ліхалецце» (1954), «Мяцежнае юнацтва» (1956, не скончаны). Творы Гладкова на бел. мову перакладалі М.Зарэцкі, Я.Скрыган, А.Гурло, А.Дудар, Я.Шарахоўскі. У бел. перакладах выйшлі яго кнігі «Галаваногі чалавек», «Цэмент» (абедзве 1930), «Новая зямля» (1932), «Энергія» (1935), «Аповесць пра дзяцінства» (1952).

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—5. М., 1983—85.

Літ.:

Пухов Ю.С. Федор Гладков: Очерк творчества. М., 1983.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЗІЁМАЎ (Уладзімір Ільіч) (8.1.1924, мяст. Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 25.11.1983),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё. У 1959—64 уласны карэспандэнт «Литературной газеты». Друкаваўся з 1943. Аўтар рамана пра жыццё рабочых-тэкстыльшчыкаў «Над Нёманам» (1955, новая рэд. 1957), дакумент. аповесці пра будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС «Белазерскі дзённік» (1963), нарысаў.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.А.Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,

помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Іпаліт Фёдаравіч) (3.1.1744, мяст. Перавалочная Палтаўскай вобл., Украіна — 18.1.1803),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1761). Рэд. газ. «Санкт-Петербургские ведомости» (1775—82) і інш. Аўтар зб. вершаў «Ліра» (1773), паэмы «Асаблівае шчасце» (1765), зб. «Рускія прыказкі» (1785), лірычнай камедыі «Радасць Душачкі» (1786), драмы «Славяне» (1788) і інш. Лепшы твор — паэма «Душачка» (1773, поўнае выд. 1783) — вольны пераклад рамана Ж.Лафантэна «Каханне Псіхеі і Купідона». Перакладаў Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Д.Дзідро і інш.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)