ДЭ́ДЭКІНД ((Dedekind) Юліус Вільгельм Рыхард) (6.10.1831, г. Браўншвайг, Германія — 12.2.1916),
нямецкі матэматык. Чл. Берлінскай (1880) і Парыжскай (1910) АН. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це ў К.Гаўса і П.Дзірыхле. У 1862—1912 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Браўншвайгу. Навук. працы па тэорыі алгебраічных лікаў. Стварыў шэраг агульных канцэпцый сучаснай алгебры, у прыватнасці ўвёў паняцце кольца, даў сучаснае вызначэнне ідэала ў матэматыцы. Д. — аўтар адной з сістэм строгага абгрунтавання тэорыі рэчаісных лікаў.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики.: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 219—221.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙЦЗЭКЕР ((Weizsäcker) Рыхард фон) (н. 15.4.1920, г. Штутгарт, Германія),
палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Юрыст. Чл.Хрысц.-дэмакр. саюза з 1954. У 1964—70 і 1979—81 прэзідэнт Ням. евангелістычнага царк. сабора. Дэп. (1969—81) і нам. старшыні (1979—81) бундэстага. У 1981—84 кіруючы бургамістр Зах. Берліна. Прэзідэнт ФРГ у 1984—94. У сваёй прамове 8.5.1985, прысвечанай 40-годдзю заканчэння 2-й сусв. вайны ў Еўропе, выказаўся пра адказнасць немцаў за злачынствы нацыянал-сацыяліст. рэжыму. Аўтар твораў «Палітычная сіла культуры» (1987), «Масты да ўзаемаразумення» (1990), «З Германіі ў Еўропу» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗУП ((Gläzups) Рыхард) (н. 20.5.1920, Рыга),
латышскі дырыжор. Нар.арт. Латвіі (1976). Нар.арт.СССР (1981). Скончыў Латв. кансерваторыю па класах аргана (1945), сімф. дырыжыравання (1949), кампазіцыі (1952). У 1944—76 у Латв. т-ры оперы і балета (з 1967 гал. дырыжор). Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Банюта» А.Калніньша, «Залаты конь» А.Жылінскіса, «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» М.Рымскага-Корсакава, «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Фідэліо» Л.Бетховена, «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны, балеты «Навальніца вясной» А.Скултэ, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева і інш. Аўтар муз. твораў (кантат «Свету—мір!», 1962; тэма і варыяцыі для аргана і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап.функцыяналізму і амер.арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ (Рыхард) (4.10.1895, Баку — 7.11.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1964). Унук Ф.А.Зорге. Скончыў Берлінскі ун-т. З 1914 у ням. арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1924 у СССР, з 1929 у разведорганах Чырв. Арміі. У 1930—40-я г. ў якасці ням. журналіста ў Германіі, Кітаі, Японіі. У Токіо стварыў разведвальную групу «Рамзай», якая здабывала важную для СССР інфармацыю. Адзін з першых паведаміў дату (20—22 чэрв.) нападу фаш. Германіі на СССР, колькасць ням. дывізій і агульную схему іх плана ваен. дзеянняў, у кастр. 1941 — аб непадрыхтаванасці Японіі да нападу на СССР. 18.10.1941 арыштаваны яп. паліцыяй, 29.9.1943 прыгавораны да пакарання смерцю. Павешаны, пахаваны ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬШТЭТЭР ((Willstätter) Рыхард Марцін) (13.8.1872, г. Карлсруэ, Германія — 3.8.1942),
нямецкі хімік-арганік. Замежны чл. Расійскай АН (1923), ганаровы чл.АНСССР (1929). Скончыў Мюнхенскі ун-т, у якім выкладаў у 1892—1925 (з 1902 праф.), у 1905—15 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху і ў Ін-це хіміі кайзера Вільгельма ў Берліне. З 1939 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і біяхіміі прыродных злучэнняў.
Атрымаў крышт. хларафіл і вызначыў яго структуру (разам з А.Штолем). Даследаваў будову алкалоідаў (атрапіну, трапіну, какаіну), раслінныя пігменты (антацыяны і флавоны), ферменты (амілазу, пераксідазу, ліпазу, цукрозу), раскладанне цэлюлозы, працэсы каталітычнай гідрагенізацыі і фотасінтэзу. Нобелеўская прэмія 1915.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.