сіямскі пеўнік, рыба роду пеўнікаў атр. акунепадобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Паўд.-Усх. Азіі. У Еўропу завезена ў канцы 19 ст. На Беларусі жыве ў акварыумах.
Даўж. 3—8 см. Цела выцягнутае, рознага колеру, пры спалоху і рэзкай змене ўмоў бясколернае. Самцы ярчэйшыя за самак, задзірыстыя, асабліва ў шлюбны перыяд (адсюль назва). У Тайландзе спецыяльна трэніруюць для баёў. Самец будуе гняздо з паветраных бурбалак, у якое пераносіць у роце ікрынкі. Лічынкі ахоўвае. Выведзена шмат парод для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),
падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.