ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),
палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.
Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл.вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перга́мінпергамі́н
(гр. Pergamenos = які паходзіць з Пергама)
1) ізаляцыйны рулонны матэрыял з тонкага кардону, насычанага нафтавымі бітумамі;
2) тонкая трывалая папера для вырабу натуральнай папяровай калькі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІЛЬНОЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі і першаснай апрацоўкі лёну-даўгунцу. Да іх адносяцца лёнаўборачныя камбайны, ільноцерабілкі, падборшчыкі-ачэсвальнікі, пераварочвальнікі і ўспушвальнікі льностужак, рулонныя прэс-падборшчыкі трасты.
Ільноўборачны камбайн — прычапны да трактара «Беларусь», бывае з вязальным апаратам або з рассцілачным шчытом. Адначасова цярэбіць лён, ачэсвае насенныя галоўкі, звязвае льносаломку (ачасаныя сцёблы) у снапы або рассцілае яе стужкай па полі, збірае ачасаныя галоўкі ў прычэп. Насенныя галоўкі сушаць актыўным вентыліраваннем або з дапамогай сушыльнай устаноўкі, перапрацоўваюць на малатарні-веялцы. Ільноцерабілка (звычайна франтальная навясная) вырывае лен і рассцілае яго стужкаю на полі. Падборшчыкі-ачэсвальнікі падымаюць прасохлыя стужкі лёну, ачэсваюць насенныя галоўкі, пераварочваюць ачасаныя сцёблы, рассцілаюць іх зноў на льнішчы і збіраюць ачасаныя галоўкі ў бункер. Ворах ад падборшчыка-ачэсвальніка возяць трактарнымі прычэпамі або аўтамабілямі на перапрацоўку на малатарні-веялцы. Для паскарэння прасыхання льносаломы выкарыстоўваюць пераварочвальнік або ўспушвальнік стужак. Рулонныпрэс-падборшчык трасты падбірае трасту і звязвае яе ў кіпы-рулоны. Складаецца з падборачнага барабана, вязальнага апарата, прэс-камеры. Пры выкарыстанні падборшчыкаў, якія падбіраюць і звязваюць трасту ў снапы, апошнія абмалочваюць ільномалатарнямі. Яны ачэсваюць снапы, пераціраюць галоўкі, выдаляюць насенне, папярэдне ачышчаюць яго. Завяршае тэхнал. працэс перапрацоўка трасты на валакно з дапамогай ільнотрапальных і кудзелепрыгатавальных машын (гл.Ільноапрацоўчыя машыны).