трактава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; незак., што.

1. Разглядаць, расцэньваць якім-н. чынам.

Па-новаму т. пытанне.

2. Даваць тлумачэнне чаму-н., тлумачыць.

Т. закон.

|| наз. трактава́нне, -я, н. і тракто́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трактава́ць

(польск. traktować, ад лац. tractare)

1) тлумачыць, абмяркоўваць; так ці інакш расцэньваць што-н.;

2) частаваць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

расцэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. расцэньваць — расцаніць (у 1 знач.).

2. Р мн. ‑нак. Устаноўленая цана (за якія‑н. тавары), устаноўленая аплата (якой‑н. работы). Заніжаныя расцэнкі. Гарантаваныя расцэнкі. □ Ні стары, ні малы не верылі, што ім на расцяробе лініі «гэтулькі многа» будуць плаціць. Давялося паказаць расцэнкі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

appraise

[əˈpreɪz]

v.t.

1) ацэ́ньваць

to appraise your ability — ацані́ць ва́шыя здо́льнасьці

2) расцэ́ньваць, ацэ́ньваць

Property is appraised for taxation — Маёмасьць ацэ́неная для пада́ткаў

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

лічы́ць, лічу́, лі́чыш, лі́чыць; лі́чаны; незак.

1. Называць лікі ў паслядоўным парадку.

Л. да ста.

2. Вызначыць колькасць, суму чаго-н.

Л. грошы.

3. каго-што. Прымаць у разлік, пад увагу.

Калі не л. некалькіх дзён непагоды, май быў добры.

4. каго-што. Рабіць якія-н. заключэнні, прызнаваць, успрымаць, расцэньваць.

Балота лічылі непраходным.

Л. каго-н. добрым чалавекам.

Лічыць ні за што — зусім не лічыцца з кім-н., не паважаць каго-н.

|| зак. злічы́ць, злічу́, злі́чыш, злі́чыць; злі́чаны (да 1 і 2 знач.) і палічы́ць, -лічу́, -лі́чыш, -лі́чыць; -лі́чаны (да 2 і 4 знач.).

|| наз. лічэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і лік, -у (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трактава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Разглядаць, расцэньваць якім‑н. чынам. [П’еса А. Маўзона «Пад адным небам»] у вострай палемічнай форме трактуе актуальныя праблемы сучаснасці. Рамановіч.

2. Даваць тлумачэнне чаму‑н., тлумачыць. Трактаваць закон. // У літаратуры, мастацтве — разумець, тлумачыць пэўным чынам (сюжэт, тэму, вобраз і пад.). Міцкевіч гаворыць, напрыклад, што Пранціся Пустарэвіча, ролю якога яму даводзілася выконваць, трактавалі толькі як прапойцу, не ўваходзячы ў сацыяльную сутнасць гэтага вобраза. «Беларусь».

трактава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Абл. Частаваць. Браты падхапілі ведзьму Барабаху на рукі, панеслі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць. Есць ведзьма Барабаха, п’е. Якімовіч. // Абдорваць. А Свіда рад быў, рад, вядома: Рублём Міхала ён трактуе, Цыгарай хвацкаю частуе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

cost2 [kɒst] v. (cost)

1. каштава́ць, абыхо́дзіцца;

What does it cost? Колькі гэта каштуе?;

It cost me a lot of money. Гэта абышлося мне вельмі дорага.

2. патрабава́ць, каштава́ць;

Dictionary compiling costs a lot of time and care. Укладанне слоўніка патрабуе шмат часу і ўвагі.

3. прызна́чыць/назна́чыць цану́ (за работу і г.д.); расцэ́ньваць (тавар)

cost smb. dear прыму́сіць каго́-н. мо́цна паку́таваць;

cost a man his health/life каштава́ць чалаве́ку здаро́ўя/жыцця́

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

*Лі́чыць, паўд.-пін. лы́чыты ’пасаваць, ісці да твару’ (Нар. лекс.), укр. ли́чити, личить ’быць да твару’, ’падыходзіць, пасуе’, рус. ли́чить ’наводзіць бляск’, личи́т ’пасуе, падыходзіць’, ст.-рус. личити ’выкрываць’, чэш. líčiti ’маляваць, рабіць ружовым’, ’прадстаўляць’, ’бяліць’; славац. líčiť ’грыміраваць’, ’падмалёўваць’, ’выяўляць; жыва апавядаць’, славен. líčiti ’рабіць прыгажэйшым’, ’выгладжваць, паліраваць’, ’грыміраваць’, серб.-харв. ли́чити ’быць падобным’, ’бяліць’, ’аздабляць’, ’надаваць форму’, ли́чи ’падыходзіць’, макед. личи ’аздабляць’, ’быць падобным, адпаведным, быць да твару’, балг. лича́ ’быць прыметным, падобным’, личи́ ’здаецца’, ц.-слав. личити ’абвяшчаць, паведамляць, рабіць яўным’. Прасл. ličiti ’утвараць, рабіць прыметным, падобным, пазначаць’, роднаснае з лік2 (гл.). Параўн. таксама ліцаваць2.

Лічы́ць ’называць лікі ў паслядоўным парадку’, ’вызначаць колькасць, суму’, ’дапускаць, прымаць у разлік, пад увагу’, ’прызнаваць’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., ТС, ТСБМ, Растарг.), ’прытрымлівацца пэўнай думкі’ (Сл. ПЗБ), лічы́цца ’быць у разліку’, ’цаніцца’, ’ставіць сябе на ўзровень з іншымі’ (ТСБМ, Нас., ТС), ст.-бел. личити ’вызначаць суму, колькасць’, ’адлічваць, адмяраць’, ’расцэньваць’, ’адносіць да чаго-н.’ (Рукапіс ТСБМ). Укр. лічи́ти (< польск.), личи́ти, рус. пск., кур., тул., арханг. ли́чи́ть, польск. liczyć, н.-луж. licyś, в.-луж. ličić, чэш., мар. líčit, ст.-слав. личити. Паўн. прасл. ličiti, роднаснае з літ. likúoti ’лічыць’, лат. līkt ’старгоўвацца, дамаўляцца пры куплі-продажу’, лац. licēre ’быць выкладзеным для продажу’, licet ’дазволена (для продажу)’ (Бернекер, 720–721; Фасмер, 2, 496; Слаўскі, 4, 245–246; БЕР, 3, 441–442). Этымалагічна тоеснае да лі́чыць (гл.) зрабіла лексіка-семантычную эвалюцыю накшталт: ’паказваць добрым бокам’ > ’апавяшчаць’ > ’лічыць, весці ўлік’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 83).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > . Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лічы́ць, лічу, лічыш, лічыць; незак.

1. Называць лікі ў паслядоўным парадку. Лічыць да дзесяці. // Адмяраць такт (у музыцы, танцы, пры хадзе і пад.), называючы такты ці долі такта лікамі. «Раз-два, раз-два», — раздаваўся голас настаўніка фізкультуры.

2. Ведаць назвы і паслядоўнасць лікаў да пэўнай мяжы. Умець лічыць да ста. // Умець выконваць арыфметычныя дзеянні. Я ў школе вучуся, Я гальштук нашу, Чытаю, малюю, Лічу і пішу. Астрэйка.

3. што. Вызначаць колькасць, суму чаго‑н. Лічыць грошы. Лічыць пульс. □ Аднастайна гадзіннік Лічыць час на сцяне. Нядзведскі. // што і без дап. Рабіць якія‑н. падлікі, разліку адлікі. Ціха ён ідзе дарогай, Нібы лічыць кожны крок. Прыходзька. На стале ляжала куча срэбных рублёў. Усю ноч [дзядзька і цётка] лічылі і пералічвалі. Бядуля.

4. што і без дап. Зыходзіць у падліку з якой‑н. меры, нормы. [Калгаснікі] грошы лічаць тысячамі, а дабро — тонамі. А такіх у калгасе большасць, і за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Палтаран. // Прымаць што‑н. за пачатак адліку, вымярэння, вызначэння. Другое акно, калі лічыць ад вугла. □ Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кіламетраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра. Шамякін.

5. каго-што. Прымаць у разлік пры вылічэнні, вызначэнні колькасці, велічыні каго‑, чаго‑н. Зарплата 100 рублёў у месяц, калі не лічыць прэміяльных. □ Аж пасля відаць — стаяць каровы! І нешта штук з пятнаццаць. Гэта калі не лічыць двух кароў Ванадысёвых. Чорны. // Прымаць пад увагу. Хто не хварэў душою за .. Савецкую ўладу? Няма такіх людзей! Няма, калі не лічыць гэтага п’яніцу і злодзея Міцьку Зайца. Шамякін.

6. каго-што. Расцэньваць якім‑н. чынам, успрымаць як‑н. Марынка разумела добрыя намеры бацькі і ўсё ж прычыну пераходу [на трактарны завод] лічыла не грунтоўнай. Хадкевіч. // Рабіць якія‑н. заключэнні; прызнаваць. Маці лічылі лепшай гаспадыняй. Гурскі. Раманенка правёў танкі праз балота, якое немцы лічылі непраходным для танкаў і гармат. Шамякін. // звычайна з дадан. сказамі. Думаць, меркаваць, мець думку наконт чаго‑н. Я лічыў, што ўвосень рыба ўжо не ловіцца. Ляўданскі. Лідзія лічыла, што тут, на выстаўцы, у гэтай цудоўнай лабараторыі чалавечага розуму, славы і вопыту, яна павінна не вучыць, а вучыцца. Дадзіёмаў.

•••

Варон лічыць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лічыць ні за што — зусім не лічыцца з кім‑н., не паважаць каго‑н., адносіцца з пагардай да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)