ЛІ́ПЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,

трэці пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паліт. крызіс у Расіі (пасля красавіцкага і чэрвеньскага), у выніку якога ліквідавана двоеўладдзе. Узнік пасля правалу Чэрвеньскага наступлення 1917 і захадаў Часовага ўрада па ўмацаванні дысцыпліны ў арміі. 2(15) ліп. з урада выйшлі кадэты, узнік урадавы крызіс. 3(16) ліп. ў Петраградзе пад уплывам анархістаў пачалася антыўрадавая дэманстрацыя салдат і рабочых з заклікамі да адстаўкі «10 міністраў-капіталістаў» і перадачы ўлады Саветам. Бальшавікі вырашылі ўзначаліць рух і шляхам масавай мірнай дэманстрацыі дамагчыся пераходу ўсёй улады у рукі Саветаў. 4(17) ліп., нягледзячы на забарону ВЦВК Саветаў, на дэманстрацыю з заклікам «Уся ўлада Саветам!» выйшла каля 500 тыс. рабочых, салдат і матросаў. У выніку сутыкненняў з вернымі ўраду войскамі загінула 56 чал., паранена 650. Бальшавікоў абвінавацілі ў спробе дзярж. перавароту. Часовы ўрад пачаў расфарміроўваць або адпраўляць на фронт вайск. часці, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў, раззбройваць і арыштоўваць рабочых, забараніў газ. «Правда», разграміў памяшканне ЦК РСДРП(б), аддаў загад аб арышце У.​І.​Леніна. Пасля Л.к. ўлада ў Расіі цалкам перайшла да Часовага ўрада, якому ВЦВК Саветаў, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. 7(20) ліп. з урада выйшаў міністр-старшыня Г.​Я.​Львоў, яго месца заняў А.Ф.Керанскі. Адносна мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Расіі скончыўся, партыя бальшавікоў узяла курс на прыход да ўлады ўзбр. шляхам.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ста́нцыя, ‑і, ж.

1. Месца прыпынку паяздоў і іншых транспартных сродкаў, якія курсіруюць па пэўнаму маршруту. Чыгуначная станцыя. □ Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане — Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе. Бачыла. На станцыях .. [Гарышны] выскокваў з вагона ўзяць бутэльку піва. Ракітны. // Будынак на прыпынках, спецыяльна абсталяваны для пасажыраў. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // Адлегласць паміж двума такімі прыпынкамі. Яшчэ дзве станцыі засталося ехаць.

2. Спецыяльная ўстанова, якая абслугоўвае ў якіх‑н. адносінах насельніцтва, арганізацыі раёна, тэрыторыі. Санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Лодачная станцыя. Тэлефонная станцыя. □ Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. // Група навуковых супрацоўнікаў, якія вядуць даследчую работу па спецыяльнай праграме. Дрэйфуючая станцыя «Паўночны полюс». Селекцыйная станцыя.

3. Спец. Серыя гідралагічных, метэаралагічных і пад. назіранняў, атрыманых на моры, на пэўнай тэрыторыі зямной паверхні. Глыбакаводныя станцыі. Магнітныя станцыі.

•••

Гідраметрычная станцыя — пункт на рацэ для вымярэння вышыні ўзроўню вады, хуткасці цячэння, расходу вады і пад.

Касмічная станцыя — штучны спадарожнік Зямлі, на якім можа жыць і працаваць зменны экіпаж касманаўтаў.

Сартавальная станцыя — чыгуначная станцыя, асноўнае прызначэнне якой — фарміраваць і расфарміроўваць чыгуначныя саставы.

[Ад лац. stantia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)