Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),
спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл.Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТРЫ́РАВАННЕ,
працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).
Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.
У.М.Сацута.
Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.