запаўня́льнік, ‑а, м.

Спец. Матэрыял зярністай, пылападобнай або валакністай будовы, які ўваходзіць у склад будаўнічых раствораў, бетону, масцік і пад. і не ўступае ў хімічную рэакцыю з вяжучымі рэчывамі. Запаўняльнік бетону.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗІ́ГМАНДЗІ, Жыгмандзі (Zsigmondy) Рыхард Адольф (1.4.1865, Вена — 23.9.1929), аўстрыйскі фізікахімік. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1887) і Мюнхенскі ун-т (1889). З 1903 у Гётынгенскім ун-це (праф. з 1908). Навук. працы па калоіднай хіміі. Прапанаваў класіфікацыю калоідных часцінак, устанавіў мікрагетэрагенную прыроду калоідных раствораў і даследаваў іх уласцівасці. Сканструяваў шчылінны аптычны (для назірання броўнаўскага руху часцінак калоідных раствораў, 1903) і імерсійны (1913) ультрамікраскопы. Вынайшаў мембранны (1918) і звыштонкі (1922) фільтры для ультрафільтрацыі калоідных раствораў. Нобелеўская прэмія 1925.

Р.Зігмандзі.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

градзі́рня, ‑і, ж.

1. Спецыяльнае збудаванне для згушчэння саляных раствораў выпарэннем вады.

2. Халадзільнік у выглядзе вежы для ахаладжэння гарачай вады. Ля новага будынка электрастанцыі дабудоўвалі градзірню для ахаладжэння адпрацаванай вады. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЫПА́РВАННЕ,

тэхналагічны працэс канцэнтравання раствораў частковым выпарэннем растваральніку пры кіпенні. Робяць для вылучэння растворанага рэчыва (найчасцей цвёрдага з вады) ці атрымання чыстага растваральніку.

Праводзіцца ў выпарных апаратах пры атм., паніжаным (да 0,008 МПа) ці залішнім (да 0,6 МПа) ціску. Канструкцыя апаратаў для выпарвання залежыць ад саставу, фізіка-хім. уласцівасцей, неабходнай ступені канцэнтравання раствораў, іх схільнасці да ўтварэння накіпу і пены. Выпарванне тэрмаадчувальных (напр., лізін) і высокакіпячых (напр., серная к-та) раствораў робяць ва ўмовах разрэджвання, таму што зніжаецца т-ра іх кіпення. Выкарыстоўваюць у хім., харч. і інш. галінах прам-сці.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАЗМЯША́ЛЬНІК,

стацыянарная або перасоўная ўстаноўка для прыгатавання будаўнічых раствораў, што выкарыстоўваюцца пры каменнай муроўцы, тынкавальных работах і інш. Мае барабан, у які загружаюцца кампаненты раствораў (цэмент, пясок, вада) і перамешваюцца вінтавымі лопасцямі, ўстаноўленымі на вале з электрапрыводам.

Перасоўны растворазмяшальнік: 1 — электрарухавік; 2 — змяшальны барабан; 3 — лопасць.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЛУКО́Ў (Іван Аляксеевіч) (2.9.1857, с. Прусы Маскоўскай вобл. — 5.5.1942),

рускі фізікахімік, заснавальнік электрахіміі няводных раствораў. Ганаровы чл. АН СССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880), у якім працаваў у 1884—88 і з 1903. Навук. працы па электрахіміі, тэрмахіміі, хіміі мёду і воску. Устанавіў анамальную электраправоднасць няводных раствораў электралітаў. Увёў уяўленне аб сальватацыі іонаў (1889—91, незалежна ад У.​А.​Кісцякоўскага), што паслужыла асновай для аб’яднання фіз. і хім. тэорый раствораў. Паказаў, што цеплата ўтварэння ізамераў арган. злучэнняў неаднолькавая (1887). Даследаваў фазавыя пераўтварэнні ўзаемных сістэм расплаўленых солей.

Літ.:

Полищук В.Р. Теорема Каблукова. М., 1983.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАПО́МПА,

стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫ О́СМАС,

гіперфільтрацыя, метад раздзялення раствораў пад ціскам ад 3 да 8 МПа. Адбываецца ў апаратах з раздзяляльнымі паўпранікальнымі мембранамі з палімерных плёнак ці полых валокнаў, якія цалкам ці часткова затрымліваюць растворанае рэчыва і прапускаюць растваральнік (звычайна ваду). Эфектыўнасць адваротнага осмасу вызначаецца селектыўнасцю і пранікальнасцю мембраны. Выкарыстоўваецца для апраснення салёных і ачысткі сцёкавых водаў, раздзялення азеатропных сумесяў, канцэнтравання раствораў, асвятлення і ачысткі харч. прадуктаў.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬ-ФІЛЬТРА́ЦЫЯ, гель-храматаграфія,

раздзяленне сумесі малекул паводле іх памеру пры дапамозе порыстых палімераў шляхам фільтрацыі на храматаграфічных калонках. У залежнасці ад памераў малекулы пранікаюць праз поры ўнутр гранул палімеру з рознай скорасцю і канцэнтруюцца ў розных слаях. Выкарыстоўваецца для вызначэння велічынь малекулярных мас, абяссольвання раствораў натыўных бялкоў, канцэнтраванні раствораў палімераў, у медыцыне — для дыягнастычнага падзелу бялкоў сывараткі крыві, пры дыягностыцы цяжарнасці, ачыстцы прэпаратаў ферментаў і інш.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),

фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.​Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)