СІСТЭ́МА ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЬ,
сукупнасць узаемазвязаных фізічных велічынь, што ўключае асн. (незалежныя) і вытворныя велічыні і выкарыстоўваецца ў пэўнай галіне прыродазнаўства. Абазначаецца сімваламі асн. велічынь (гл. Размернасць у фізіцы) і дазваляе вызначыць кожную вытворную фіз. велічыню праз асноўныя на падставе ўраўненняў сувязі, якая існуе паміж імі. Напр., LMT — у механіцы і LMTI — у электрадынаміцы, дзе L — даўжыня, М — маса, Т — час, I — сіла току (асн. велічыні сістэмы адпаведна). Выбар С.ф.в. вызначае ўвядзенне адпаведных сістэм адзінак фіз. велічынь.
т. 14, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
т. 2, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ ў фізіцы,
фізічная велічыня, якая мае размернасць здабытку энергіі на час (або імпульсу на перамяшчэнне); адна з найважнейшых характарыстык дыскрэтных мех. сістэм.
У залежнасці ад выбранай фармулёўкі варыяцыйных прынцыпаў механікі выкарыстоўваюцца 2 вызначэнні Дз.: паводле Гамільтана
і паводле Лагранжа
, дзе — функцыя Лагранжа, T і U — кінетычная і патэнцыяльная энергіі сістэмы адпаведна, — прамежак часу, праз які мех. сістэма пераходзіць з пачатковага ў адвольны, залежны ад часу стан сістэмы. Паняцце «Дз.» выкарыстоўваецца ў аналітычнай механіцы, а пры адпаведных абагульненнях у тэорыі пругкасці, электра- і тэрмадынаміцы, квантавай механіцы і тэорыі поля. Гл. таксама Найменшага дзеяння прынцып.
А.І.Болсун.
т. 6, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЗАВАЯ ПРАСТО́РА,
шматмерная прастора, восямі якой служаць абагульненыя каардынаты і імпульсы мех. сістэмы з N ступенямі свабоды; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі. Мае размернасць 2N.
Стан сістэмы ў дадзены момант часу адлюстроўваецца пунктам у Ф.п., а яго змены — рухам пункта ўздоўж лініі (фазавай траекторыі). Пункты, адпаведныя пэўнаму значэнню энергіі сістэмы, утвараюць паверхню, якая падзяляе Ф.п. на 2 часткі: больш высокіх і больш нізкіх значэнняў энергіі, Паверхні з рознымі значэннямі энергіі не перасякаюцца паміж сабой, на іх ляжаць фазавыя траекторыі замкнутай сістэмы з адпаведным значэннем энергіі. Для статыст. апісання стану сістэмы з многіх часціц уводзіцца паняцце фазавага аб’ёму (элемента аб’ёму Ф.п.) і функцыі размеркавання сістэмы (імавернасці знаходжання пункта, што адлюстроўвае стан сістэмы, у пэўным элеменце фазавага аб’ёму).
т. 16, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)