разгіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разагнуцца.

2. Зал. да разгінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

rozgiąć się

зак. разагнуцца

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

rozkurczyć się

зак. расціснуцца; разагнуцца; выпрастацца

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

вы́раўняцца, -яюся, -яешся, -яецца; зак.

1. Тое, што і выраўнавацца.

2. Разагнуцца, выпрастацца.

Жанчына, убачыўшы нас, выраўнялася, прывіталася.

3. Размясціцца па прамой лініі, параўняцца.

Калона выраўнялася.

В. ў рабоце з кім-н. (перан.).

4. Стаць лепшым (у фізічных або духоўных адносінах).

Хлапец выраўняўся і пастрайнеў.

|| незак. выро́ўнівацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

распраста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Зрабіцца простым, роўным, разагнуцца. Вожык зноў заварушыўся, хустачка распрасталася і накрыла яго ўсяго. Васілевіч. // Напружыўшы мышцы, выпрастацца, расправіцца. Як сагнецца [стары], дык хоць ты разгінай яго, ніяк распрастацца не можа. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́прастацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прыняць прамое становішча; разагнуцца, выпраміцца. □ Вудзільна сагнулася і тут жа выпрасталася. Ляўданскі. Жнеі выпрасталіся і пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Мележ.

2. Разм. Легчы, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Стомленасць і позні час спараджалі жаданне легчы, выпрастацца і моцна заснуць. Галавач.

3. Разм. Памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скурчыць.

2. у знач. прым. Які згорбіўся, сціснуўся. За бортам чоўна, у глыбі вады, нерухома стаяла вялізнае барвовае полымя, а злева за ім — скурчаная постаць Васіля. Савіцкі. Насустрач нам ідзе скурчаны дзядок з сівою бародкаю, з кійком у руцэ. Арабей. — Трубі пад’ём! — параіў адзін з разведчыкаў і таксама спыніўся каля скурчанага, з нагамі і галавой захутанага ў шынель чалавека. Кулакоўскі.

3. у знач. прым. Сагнуты, падагнуты, пакалечаны. Скурчаныя пальцы.. [Пракопа] болей не разагнуцца. Вітка. Сотнікаў пераскочыў цераз яго [лейтэнанта] цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой.. выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык. Быкаў.

4. у знач. прым. Які зрабіўся няроўным, пагнутым; скручаны. Вецер гоніць лісцік, Скурчаны, счарнелы. Галіноўская. У іхняй [на радзіме Манга] старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.

2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.

3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.

4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.

5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)