ЗАГАРО́ДДЗЕ,

узвышаная раўніна на ПдЗ Беларусі ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Кобрынскім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл.; фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся. На Пн мяжуе з Прыбугскай раўнінай, на У і Пд — з Прыпяцкім Палессем, на 3 — з Брэсцкім Палессем. У субшыротным напрамку працягнулася на 85 км, з Пн на Пд — ад 15 да 35 км, пл. каля 2,2 тыс. км2. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Адносныя перавышэнні над прылеглай азёрна-алювіяльнай раўнінай на Пн да 20—30 м.

У тэктанічных адносінах З. знаходзіцца на Палескай седлавіне і ўтворана ледавіковымі і водна-ледавіковымі адкладамі беларускага. бярэзінскага і дняпроўскага ледавікоў. У паўн. ч. З. вылучаюць краявы ледавіковы комплекс, у паўд. ч. — паніжаную, пераважна водна-ледавіковую раўніну. Паверхня паўн. ч. ўзгорыста-градавая, перасечаная, з абс. адзнакамі 140—170 м. Уздоўж правабярэжжа р. Ясельда працягнулася асіметрычная канцова-марэнная града (даўж. 70 км, найб. шыр. да 20 км) напорнага паходжання, з адорвенямі даантрапагенавых парод у ледавіковых адкладах і гляцыядыслакацыямі на паўн. схілах. На Пд ад яе спадзістахвалістая і плоская водна-ледавіковая раўніна (найб. выш. 140—155 м), уздоўж паўд. ускраіны якой пясчаныя дзюны, грады і ўзгоркі. Пашыраны пласкадонныя забалочаныя лагчыны. Карысныя выкапні; керамічная сыравіна, мел, торф, сілікатныя і буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,2, ліп. 18,6 °C; ападкаў 573 мм; вегетац. перыяд 201 сут. Раўніна З. з’яўляецца ч. Балтыйска-Чарнаморскага водападзелу. Уздоўж паўн. і паўд. мяжы раўніны цякуць рэкі бас. Дняпра — Ясельда і Піна, на 3 — прытокі Зах. Буга. Па раўніне працякаюць невялікія, пераважна каналізаваныя, рэкі Стрымня, Самароўка, Піліпаўка, Мерачанка і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-аглееныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 25% тэр. Лясы ў асн. шыракаліста-хваёвыя і хваёвыя, засталіся невялікімі ўчасткамі. У зах. ч. З. захаваліся балоты і лугі. 30% тэр. пад ворывам.

Раўніна Загароддзе каля в. Крамно Драгічынскага раёна.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎСКІ РАЁН,

на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 6.1.1965). Пл. 1,5 тыс. км2. Нас. 51,1 тыс. чал. (1997), гарадскога 31,3%. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г. Іванава, 102 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Адрыжынскі, Бродніцкі, Гарбахскі, Дастоеўскі, Дружылавіцкі. Крытышынскі, Ляскавіцкі, Махроўскі, Моладаўскі, Мотальскі, Опальскі, ПсыШчаўскі, Рудскі, Снітаўскі, Стрэльненскі.

Паўн і паўд. часткі раёна заняты зах. ускраінай Прыпяцкага Палесся, у цэнтры — раўніна Загароддзе. Паверхня плоскараўнінная, 57% тэр. на вышыні 150—170 м. Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліна, мел, буд. пяскі, жвірова-пясчаная сумесь. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 609 мм за год Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн працякае р. Ясельда, на Пд — Піна з прытокамі Няслуха і Піліпаўка; Дняпроўска-Бугскі канал; меліярац. каналы Завішчанскі, Заазерны, Залядынскі, Моладаўскі, Ясельдаўскі; азёры Акуніна, Безуменнік, Завішчанскае, Мотальскае, Мульнае, Пясчанае, Скупое; вадасх. Джыдзінне і Крытышын. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (43%), тарфяна-балотныя (25,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,8%). Пад лесам 28,3% тэр. Лясы хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца шыракалістыя, з іх 40% штучных насаджэнняў. Балоты займаюць 4,3% тэр. Рэсп. біял. заказнік Спораўскі, заказнікі мясц. значэння Аброва і Завышанскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 88,4 тыс. га, з іх асушаных 53,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, с.-г. кааператыў, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжа, бульбу, цукр. буракі. Прадпрыемствы харч., дрэва- і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Гомель і Брэст—Мінск, нафтаправод «Дружба». У раёне 24 сярэднія, 18 базавых, 17 пач., 6 муз., спарт. школы, 20 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 57 б-к, 3 бальніцы, 12 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты, раённая паліклініка, санаторый «Алеся». Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскія цэрквы 19 ст. ў вёсках Бродніца і Варанцэвічы; царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы; Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы; Прачысценская царква (да 1783) і сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920) у в. Ляскавічы; царква Ушэсця 19 ст. ў в. Ляхавічы; Петрапаўлаўская царква (1792) у в. Махро; капліца пач. 20 ст. і царква 19 ст. ў в. Моладава; Праабражэнская царква (1888) у в. Моталь; царква Параскевы Пятніцы (2-й пал. 18 ст.) у в. Опаль; Успенская царква 19 ст. ў в. Рудск; царква Аляксандра Неўскага (1800) у в. Стрэльна; двары аднараднага пагоннага тыпу на адной сядзібе (пач. 20 ст.) у в. Шчакоцк. Выдаецца газ. «Чырвоная звязда».

Г.С.Смалякоў.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)