ПЦІЧ,

рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас. р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Пціч каля г.л. Капаткевічы Гомельскай вобл.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІЧЫ,

гл. Пціч.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІЦКАЕ БАЛО́ТА,

гл. Пціч.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́Я ГРАДА́,

балота, гл. Пціч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЧЫЦЫ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 59 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 201 км ад Гомеля, 36 км ад чыг. ст. Пціч. 699 ж., 273 двары (1999). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — парк (пач. 20 ст.).

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЧО́НАЕ—ПАГАЭ́ЧЧА,

балота ў Петрыкаўскім і Акцябрскім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Пціч і яе прытока р. Арэса. Нізіннага тыпу. Балота перасякае Галоўчыцкі канал, па якім вада з большай ч. масіву сцякае ў р. Пціч. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,5 м. Балота асушана дрэнажом, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глускім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Пціч, за 13 км на ПнУ ад г.п. Глуск. Пл. 0,28 км². Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з р. Ліса.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСА́,

рака ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 23,8 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца каля в. Фартуны Бабруйскага р-на. Асн. прыток — р. Чаромуха (злева). Рэчышча каналізаванае.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎЧЫЦКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. Прыпяці). Даўж. 33 км. Пачынаецца каля в. Бобрык, праходзіць каля в. Старыя і Новыя Галоўчыцы, вусце за 1 км на Пн ад в. Дземенка.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУДЗЕ́ЧА,

рака ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 22,4 км. Пл. вадазбору 141 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Макавічы. Асн. прыток — ручай Камарынка (злева). Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)