Пяры́на 1 ’пухавік; пухавая коўдра’ (ТСБМ, Нас., Ян.; віл. Сл. ПЗБ; Варл., міёр. Нар. словатв.; Сержп.), перы́ны ’тс’ (ТС), перына́ ’тс’ (ашм., Стан.); укр. пери́на ’тс’, рус. пери́на, польск. pierzyna, каш. ṕéřena, ṕeřna, чэш. peřina, славац. perina, серб.-харв. пе̏рина, славен. perína, балг. пери́на. Прасл. *perina, вытворнае ад *pero (гл. пяро), параўн. Фасмер, 3, 241; Махэк₂, 363; БЕР, 5, 173.
Пяры́на 2 ’асобнае пяро; ліст цыбулі; плаўнік’ (паст. Сл. ПЗБ; Жд.; астрав. Сл. ПЗБ), перы́на, пэры́на ’тс’ (ТС; лун., Шатал.). Да пяро (гл.) з суфіксам адзінкавасці ‑іна/‑ына.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск. piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел. пернатыи (Скарына), укр. перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус. перна́тый ’тс’, чэш. pernatý, ст.-чэш. peřnatý, славен. pernat, балг. перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав. перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял. piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг. пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)