травяністыя расліны стэпаў і пустыняў, якія да часу выспявання насення набываюць шарападобную форму з прычыны моцнага разгалінавання кветканосных парасткаў. Сцёблы каля асновы лёгка адломліваюцца, і ўся надземная маса, падхопленая ветрам, коціцца па зямлі (напр., кермек). Сярод П.-п. аднагадовыя (напр., ерыхонская ружа), двухгадовыя (напр., адзін з відаў разаку сям. парасонавых) і шматгадовыя (некалькі відаў цыбулі) расліны. Памеры П.-п. ад некалькіх сантыметраў да 1 м у папярочніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,
свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХА́НЫ (цюрк.),
мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.
Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.Да арт.Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́МІЯ (Artemia salina),
ракападобнае атрада шчэлепаногіх. Пашырана ў салёных азёрах і лужынах паўпустыняў, пустыняў і марскіх ліманаў, здольная жыць пры салёнасці вады ад 40 да 230%0 і болей.
Даўж. 0,8—1 см. У залежнасці ад салёнасці вады зменьваецца даўж. галінак вілачкі на канцы брушка (павялічваецца пры апрасненні). Жывіцца мікраскапічнымі водарасцямі і бактэрыямі. Размнажаецца 3 разы за сезон, плоднасць да 70 яец або наўплісаў. Разводзяць і выкарыстоўваюць на корм рыбам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЙША́НЬ,
нагор’е ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, паміж пустыняй Алашань і ўсх. краем Цянь-Шаня. Даўж. каля 700 км, шыр. каля 250 км. Выш. да 2791 м (г. Мацзуншань). Складаецца з пераважна нізкагорных, моцна разбураных выветрываннем глыбавых масіваў і хрыбтоў з стараж. метамарфічных і крышт. парод. Міжгорныя паніжэнні запоўнены кайназойскімі грубаабломкавымі адкладамі. Пашырана эолавае выветрыванне. Клімат умераны, вельмі сухі. Ападкаў 40—80 мм за год. Частыя пылавыя буры. Пераважаюць ландшафты камяністых пустыняў, паўпустыні, саланчакі; месцамі тугайныя зараснікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19% сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСАКЕЛЬМЕ́С,
запаведнік ў Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м.Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс.га.
Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6 відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
правінцыя на ПдЗ Пакістана. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам, на Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 347,2 тыс.км², нас. 4,9 млн.чал. (1985), у асноўным белуджы. Адм. і гал.прамысл. цэнтр, трансп. вузел — г. Квета. Паверхня пераважна горная і пласкагорная. Большую ч. паверхні займаюць хрыбты Макрана (Макранскі Берагавы хр., Цэнтр. Макранскі хр. і інш.). На Пн Сулейманавыя горы. Паміж хрыбтамі ўчасткі пласкагор’яў. Клімат субтрапічны. Ападкаў 100—250 мм за год. Пераважае расліннасць горных пустыняў і паўпустыняў. Насельніцтва занята качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, вярблюды, коні). У аазісах і далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бавоўнік, фінікавую пальму. На ўзбярэжжы рыбалоўства. Здабыча прыроднага газу, бурага вугалю, рудаў жалеза і хрому, серы, кухоннай солі. Транспарт уючны і аўтамаб., на Пн чыгуначны.