ПСІХАСТЭНІ́Я (ад псіха... + астэнія),
адно з псіхічных расстройстваў, якое займае прамежкавае становішча паміж псіхапатыяй і неўрозам. Для П. характэрна агульнае зніжэнне псіхічнага тонусу, адчуванне ўнутр. напружання, непаўнацэннасці і інш. Хворыя на П. часта астэнічнага целаскладу, з дыспластычнымі рысамі, нязграбныя; з дзіцячага ўзросту праяўляюць пужлівасць, страх перад цемрай і інш. Пасля таго, як мінаюцца складаныя ўнутр. хваляванні, псіхастэнікі здольны вырашаць свае праблемы, знаходзіць формы адаптацыі да рэальнага жыцця.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАФАРМАКАЛО́ГІЯ (ад псіха... + фармакалогія),
раздзел фармакалогіі, які даследуе ўздзеянне на псіхіку чалавека псіхаактыўных — псіхатропных сродкаў. Уяўляе сабой этап біял. тэрапіі ў псіхіятрыі.
У П. выкарыстоўваюцца прынцыпы рацыянальнай псіхафармакатэрапіі: комплекснасць, якая прадугледжвае спалучэнне медыкаментознага лячэння з псіхатэрапіяй і сац.-працоўнай рэабілітацыяй; клінічная абгрунтаванасць і дыферэнцыраванасць пры выбары лячэння; бесперапыннасць тэрапеўт. ўздзеяння (стацыянарнае і пазабальнічнае).
Літ.:
Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;
Авруцкий Г.Я., Недува А.А. Лечение психически больных. 2 изд. М., 1988.
А.А.Зайцаў, У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАПАТАЛО́ГІЯ (ад псіха... + паталогія),
раздзел агульнай псіхіятрыі, які вывучае асн. сімптомы і сіндромы псіхічных хвароб і заканамернасці іх развіцця. Кожнай самаст. псіхічнай хваробе ўласцівы тыповыя сіндромы. Напр., клінічная карціна маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу праяўляецца астэнічнымі, псіхаастэнічнымі і афектыўнымі расстройствамі; пры шызафрэніі кола сіндромаў пашыраецца. Спалучэнне сімптомаў і сіндромаў (ступар, дэпрэсія, манія, дэменцыя і інш.) складаюць характэрную карціну большасці псіхічных захворванняў.
Літ.:
Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994.
А.А.Зайцаў, У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ (ад псіха... + грэч. tropos напрамак),
псіхафармакалагічныя сродкі, лекавыя сродкі, якія ўплываюць на ц. н. с. Асн. групы П.с.: антыдэпрэсанты; транквілізатары; нейралептыкі (напр., аміназін, галаперыдол); псіхастымулятары (аказваюць узбуджальнае дзеянне на псіхіку, напр., кафеін, фенамін); псіхічныя стабілізатары (напр., літый); наатропы (напр., цэрэбралізін), якія ўздзейнічаюць на абменныя і энергет. працэсы мозга; галюцынагены. Кожны П.с. валодае індывід. псіхафармакалагічнымі ўласцівасцямі — спектрам псіхатропнай актыўнасці, што вызначае клінічныя паказанні да яго ўжывання. З дапамогай П.с. лечаць псіхозы, псіхал. парушэнні: неўрозы, стан эмацыянальнага напружання і інш.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
псіханеўро́лаг
(ад псіха- + неўролаг)
спецыяліст у галіне псіханеўралогіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
псіхо́лаг
(ад псіха- + -лаг)
спецыяліст у галіне псіхалогіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
псіхія́тр
(ад псіха- + гр. jatros = урач)
спецыяліст па псіхіятрыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
псіхале́птыкі
(ад псіха- + гр. leptos = лёгкі)
тое, што і нейралептыкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
псіханеўро́з
(ад псіха- + неўроз)
захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы функцыянальнага характару.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ КАМУНІКАТЫ́ЎНАЙ ЛІНГВІ́СТЫКІ (БАКЛ),
недзяржаўная лінгвістычная арг-цыя, заснаваная 2.2.1991 у Мінску з мэтай прапаганды функцыянальнага падыходу да даследавання мовы (прагма-, псіха-, сацыя- і этналінгвістыкі). З 1992 спрабуе таксама захаваць і пашырыць сувязі і супрацоўніцтва мовазнаўцаў у СНД, Балтыі, Польшчы і Балгарыі. Буйнейшыя групоўкі БАКЛ на Беларусі ў Мінску, Гродне, Мазыры і Гомелі, а таксама ў С.-Пецярбургу, Маскве, Цверы (Расія), у Кіеве, Запарожжы, Нежыне, Адэсе, Чарнаўцах (Украіна), у Кішынёве і Бельцах (Малдова). БАКЛ мае кантакты з лінгвістычнымі арг-цыямі ў Брытаніі, ЗША, Чэхіі. З 1993 прадстаўляе Беларусь у Пастаянным міжнародным камітэце лінгвістаў, праводзіць канферэнцыі, выдае зборнікі артыкулаў і тэзісаў.
Дз.Г.Багушэвіч.
т. 2, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)