дастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак., што і да чаго.

Прастаяць да канца чаго‑н., да якога‑н. часу. Дастаяць вахту. □ [Вэня Шпулькевіч] увайшоў у прытвор і праводзіў вачамі кожнага, хто ўваходзіў сюды. Так ён стаяў, пакуль не пачалася адправа. Не дастану і да сярэдзіны яе, пайшоў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1865 у Брэсце. Храм цэнтрычнай 5-купальнай кампазіцыі: кубападобны асн. аб’ём, прытвор і паўкруглая апсіда. У кампазіцыі і дэкар. пластыцы асн. аб’ёму выкарыстаны прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філянговы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (кілепадобныя какошнікі, 8-гранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Брэсцкая Сімяонаўская царква.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нартэ́кс на́ртэкс

(п.-гр. nartheks)

уваходнае памяшканне ў пярэдняй частцы хрысціянскага храма, прызначанае для асоб, якія не маюць права ўваходзіць у галоўнае храмавае памяшканне; прытвор.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НАВАСВЕ́РЖАНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. з цэглы як кальвінскі збор, з 1588 касцёл. Мураваны прамавугольны ў плане 1-вежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс. З паўн. боку асн. аб’ёму ў 1-й пал. 17 ст. прыбудавана 3-ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая 4-гранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка вежы ўмацавана контрфорсамі, верхнія ярусы аздоблены плоскімі арачнымі нішамі, у 2-м ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У ніжнім ярусе вежы вылучаны прытвор, скляпенне якога апрацавана дэкар. нервюрамі.

У.​В.​Трацэўскі.

Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯ́РАЎ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Узведзены ў 1797—1825. На пабудову храма 5 тыс. руб. ахвяраваў Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны 8-гранным ліхтаром. Да асн. круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’ёмы: прытвор з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе і 2-павярховая сакрысція па восі ўсход—захад, невял. рызаліты з Пд і Пн. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам мураваныя 1-павярховы корпус кляштара (зачынены ў 1832) і 1-ярусная званіца. Касцёл у 1842 пацярпеў ад пажару, у 1863 пераабсталяваны пад правасл. царкву.

А.​А.​Ярашэвіч.

Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),

выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

Базіліка Санта-Сабіна ў Рыме. 432 г.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.​М.​Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.​Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

притво́р м.

1. церк. прытво́р, -ра м., бабі́нец, -нца м.;

2. (двери, ставни) обл., спец. ство́рка, -кі ж.;

3. (место, где соединяются створки, двери, окна и т. п.) разг. стык, род. сты́ку м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ МАРЫ́І МАГДАЛІ́НЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Пабудавана ў 1847 на б. Старажоўскіх могілках. Мураваны аднакупальны сім. па кампазіцыі 3-нефавы аднаапсідны храм. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму далучаны з усх. боку прамавугольная апсіда з 2 рызніцамі, з зах.прытвор з высокай васьміграннай шатровай вежай-званіцай на 2-м ярусе. У цэнтры асн. аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вял. купал. Сцены фасадаў расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. У канцы 19 ст. перад царквой пабудавана брама з цэглы (захавалася з ч. агароджы), дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкар. атык, завершаны фігурным франтонам з невял. лучковай галоўкай. У 1946—86 у будынку царквы размяшчаўся Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. У сувязі з гэтым перабудавана: знесены купал і званіца, да апсіды прыбудаваны порцік, зменены інтэр’ер. З 1990 царква дзейнічае, адноўлена ў першапачатковым выглядзе. У 1998 скончана паліхромная размалёўка інтэр’ера. У 1992 побач з царквой узведзены невял. мураваны храм — Свята-Прачысценская царква.

Т.​І.​Чарняўская.

Мінская царква Марыі Магдаліны.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ІО́СІФАЎСКІ САБО́Р Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1780—98 з цэглы паводле праекта арх. М.​Львова ў стылі класіцызму. Спачатку дзейнічаў як царква, у 1802 з нагоды сустрэчы Кацярыны II з аўстр. імператарам Іосіфам II перайменаваны ў сабор. Уваходзіў у ансамбль Магілёўскай Саборнай плошчы. Асн. аб’ём квадратны ў плане, да якога далучаліся з У паўцыліндрычная апсіда, з 3 шырокі прытвор. Гал. фасад меў 4-калонны дарычны порцік, пастаўлены на ступеньчаты стылабат і завершаны трохвугольным франтонам з шырокім трыгліфным фрызам. Бакавыя фасады дэкарыраваны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Асн. аб’ём у цэнтры меў на высокім круглым барабане сферычны купал з 2 абалонкамі — унутранай (з адтулінай у сярэдзіне і 12 праёмамі) і вонкавай (з 12 круглымі вокнамі-люкарнамі і размалёўкай). У інтэр’еры купал пры дапамозе ветразяў апіраўся на 4 масіўныя пілоны, якія стваралі ўнутр. квадрат, Інтэр’ер багата аздоблены: парныя іанічныя калоны, светла-жоўты і зялёны мармур, размалёўка ў тэхніцы грызайль, нішы са статуямі, рэльефныя медальёны, абразы на медных шчытах мастака У.​Баравікоўскага (1797) і інш. У 1937 будынак разбураны.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі Іосіфаўскі сабор. Чарцёж.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)