змо́ршчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зморшчыць.

2. у знач. прым. Пакрыты маршчынамі. Твар .. [бабкі] быў маленькі, зморшчаны, губы западалі ў рот, і гаварыла яна неяк мякка, нібы словы зліпаліся адно з адным. Скрыган. // З маршчыністым тварам. І хоць гэтай бяззубай, зморшчанай, як стары засушаны грыб, пляткарцы ніхто не верыў, але званіцу не бурылі. Ваданосаў.

3. у знач. прым. Пакарабачаны, пакрыты складкамі. [Да вады] прыліпала зморшчанае лісце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каменсалі́зм

(ад фр. commensal = сатрапезнік, ад лац. com = сумесна + mensa = стол)

форма сумеснага жыцця жывёл розных відаў, пры якой адзін арганізм жыве за кошт другога, не робячы яму шкоды (напр. рыба-прыліпала на целе акулы); к. больш блізкі да сімбіёзу, чым да паразітызму 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Сло́та1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slapt ‘зрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑ ‘вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.

1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // перан. Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.

2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.

3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.

4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».

5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.

6. перан.; на каго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.

7. Зал. да класці.

•••

Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.

Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)