змякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; страціць цвёрдасць, калянасць. Скура на руках змякчылася.

2. Стаць менш суровым, строгім; быць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Сэрца змякчылася. □ Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Алёнку і сказаў мнагазначна: — Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома. Колас. / Пра твар, вочы і пад. Алесеў твар ад .. нечаканай радасці змякчыўся і прасвятлеў. Васілевіч.

3. Страціць сілу, рэзкасць; зменшыцца, аслабець. Боль змякчыўся. Вецер змякчыўся. // Зрабіцца менш суровым, цяжкім. Твар .. [жанчыны] прасвятлеў, быццам яе ўласнае гора крыху зменшылася, змякчылася. Лынькоў.

4. Быць вымаўленым з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізавацца (пра зычныя гукі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аге́ньчык, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Памянш.-ласк. да агонь (у 1 знач.). Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агеньчык чуць прыкметна. Колас. Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў.

2. ‑а. Святло ад чаго‑н. у выглядзе кропкі; плямка святла. Зялёны агеньчык тралейбуса. Агеньчык цыгаркі. // перан. Бляск вачэй (звычайна як адлюстраванне якога‑н. унутранага стану чалавека). Зноў успыхнулі ў вачах Любы ранейшыя смяшлівыя агеньчыкі. Васілевіч.

3. ‑у; перан. Захапленне, запал, уздым. Міша Казлоў не любіць высокіх слоў: энтузіязм, камсамольскі агеньчык, працоўны ўздым. Ахвота да працы ў яго — патрэба душы. Мыслівец.

•••

На агеньчык (зайсці, забегчы) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да сысці.

2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.

3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.

•••

Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)