КАСА́НДРА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вешчыца ’ведзьма, якая кладзе сваё цела пад ступу, а сама вылятае сарокай праз комін’ (паўн.-віц., Крывіч, 12, 1926, 108), паўн.-рус. вещица ’ведзьма, гадалка, нячысцік’; ’эпітэт сарокі’; ’пляткарка’, польск. кракаўск. wiescyca ’д’ябліца’, wieszczyca ’тс’, каш. ’вампір’, чэш. věštice ’ведзьма’, мар. věštica ’лясная німфа’, славац. veštica ’прадракальніца, прарочыца, чараўніца’, славен. veščícaпрарочыца’, серб.-харв. ве̏штица ’старая жанчына, якая патаемна супрацоўнічае з д’ябламі’, макед. вештица ’ведзьма’, балг. вещица ’ведзьма, чараўніца, злая, грозная жанчына’; ’начны матыль, святляк Lampiris’, ст. слав. вѣщица, прасл. věštica ’жанчына, якая ведала будучае і прадказвала яго’. Утварылася ад прыметніка věštь‑ (< vědati) і суф. ‑ica. Гл. таксама ве́шчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)