ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял. Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв.жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах. ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб. выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс. км2) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб. глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб. выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.

Р.Р.Паўлавец.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў 16 крас. — 8 мая, якая прывяла да авалодання Берлінам, выхаду сав. войскаў на р. Эльба і завяршыла разгром ням.-фаш. армій у 2-й сусв. вайне. Да канца сак. 1945 сав. войскі разбілі найбольшыя групоўкі ням.-фаш. войск ва Усх. Прусіі, Польшчы, Усх. Памераніі, Венгрыі і выйшлі шырокім фронтам да р. Одэр (Одра) і Нейсе. Сціснутая з У, Пд і Пн Чырв. Арміяй, з З войскамі саюзнікаў, фаш. Германія мабілізавала апошнія рэсурсы, каб утрымаць абарону на Одэры і Нейсе, а калі яе прарвуць сав. войскі — здаць Берлін амерыканцам і англічанам. Вакол Берліна ням. камандаванне стварыла глыбокаэшаланіраваную абарону да 100 км у глыбіню з 3 абводамі і 9 сектарамі абароны ў горадзе. Для абароны Берліна з У былі сканцэнтраваны групы армій «Вісла» (ген.-палк. Г.Хейнрыцы) і «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Шэрнер); 85 дывізій (з іх 4 танкавыя і 10 матарызаваных), 37 асобных палкоў, 98 асобных батальёнаў і інш.; усяго 1 млн. чал. Акрамя таго, гітлераўцы сфарміравалі 200 батальёнаў апалчэнцаў, т.зв. фольксштурму, 8 дывізій рэзерву гал. камандавання. Сав. камандаванне на фронце ў 400 км ад Шчэціна да Гёрліца сканцэнтравала 19 агульнавайск., 7 танкавых і 4 паветр. арміі: 2,5 млн. чал., 41600 гармат і мінамётаў, 6250 танкаў і самаходна-артыл. установак, 7500 самалётаў. Перавага над праціўнікам складала ў людзях 2,5:1, артылерыі 4:1, танках і самаходна-артыл. устаноўках 4,1:1, авіяцыі 2,3:1. У Берлінскай аперацыі ўдзельнічалі авіяцыя Балт. флоту і Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я і 2-я арміі Войска Польскага.

Берлінская аперацыя пачалася 16 крас. ў 5 гадзін раніцы (па маскоўскім часе). Войскі 1-га Бел. фронту наносілі гал. ўдар з Кюстрынскага плацдарма. У паласе атакі сав. пяхоты поле бою асвятлялі магутныя зенітныя пражэктары. Да канца дня прарваны 2 паласы абароны. Адначасова ў напрамку г. Котбус і Пд Берліна наступалі войскі 1-га Укр. фронту. Яны фарсіравалі рэкі Нейсе і Шпрэе. Войскі 2-га Бел. фронту вялі баі на Пн ад Берліна, у прыморскай паласе і раёне Шчэціна. Упартае супраціўленне ворага на Одэры і Нейсе было зламана, і 23 крас. войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў уварваліся ў Берлін. 25 крас. танкавыя злучэнні ў раёне г. Кетцын замкнулі кальцо акружэння вакол Берліна, разарваўшы фронт ням.-фаш. войск на 2 групоўкі — берлінскую і франкфурт-губенскую. 26 крас. сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна. 30 крас. авалодалі асн. пунктам цэнтр. сектара абароны — рэйхстагам, над якім быў узняты чырв. сцяг. 2 мая ў 15 гадзін супраціўленне берлінскага гарнізона спынілася. Войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў сустрэліся на Эльбе з амер. Войскамі, войскі 2-га Бел. фронту выйшлі да Вісмарскай бухты, дзе сустрэліся з англ. войскамі. 8.5.1945 у Карлсхорсце прадстаўнікі вышэйшага ням. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.

У ходзе Берлінскай аперацыі разбіта больш за 90 дывізій, узята ў палон каля 480 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, захоплена больш за 1500 танкаў і штурмавых гармат, 4500 самалётаў і інш. тэхніка. Сав. войскі страцілі забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 350 тыс. чал. (з іх 78 291 чал. забітымі). За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час Берлінскай аперацыі, больш як 600 сав. воінам было прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 13 чалавекам гэта званне было прысвоена ў 2-і раз, 1082 тыс. чал. узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». 187 часцям і злучэнням, якія найб. вызначыліся ў Берлінскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Берлінскіх».

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)