ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА, паўпрэдства,
у 1918—41 г. дыпламат. прадстаўніцтва Сав. дзяржавы (да 1922 — РСФСР, потым СССР) за мяжой. Пасля ўвядзення дыпламат. рангаў прадстаўніцтвы пачалі наз. пасольствамі.
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне.
Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.Акінчыц, А.Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».
А.М.Літвін.
т. 2, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне,
дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.
З.В.Шыбека.
т. 2, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА,
замежны орган знешніх зносін дзяржавы. Д.п., якое ўзначальвае пасол, называецца пасольствам; якое ўзначальвае пасланнік або пастаянны павераны ў справах — місіяй. Прававы статус Д.п. вызначаецца Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961, двухбаковымі пагадненнямі дзяржаў і ў пэўных межах нормамі нац. права дзяржавы знаходжання і дзяржавы прызначэння. Прававы статус Д.п. пры міжнар. і міжурадавых арг-цыях вызначаецца з улікам Венскай канвенцыі аб прадстаўніцтвах дзяржаў у іх дачыненнях з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару 1975.
Ю.П.Броўка.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛЬСКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
орган знешніх зносін дзяржавы, які ствараецца ў выніку ўстанаўлення консульскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі. Месцазнаходжанне, а ў асобных выпадках і колькасць персаналу ўзгадняюцца паміж прадстаўляючым урадам і ўрадам дзяржавы знаходжання. Узгадненню падлягаюць таксама акруга, у якой К.п. выконвае свае функцыі, рэжым знаходжання і перамяшчэння ў ёй консульскіх службовых асоб. Адрозніваюць наступныя класы К.п.: генеральнае консульства, віцэ-консульства і консульскае агенцтва. Адпаведна гэтаму К.п. ўзначальваюцца ген. консулам, консулам, віцэ-консулам і консульскім агентам. Дзейнасць К.п. накіроўваецца МЗС і пасольствам прадстаўляючай дзяржавы. Яна не павінна супярэчыць законам і правілам дзяржавы знаходжання. Статус К.п. вызначаецца двухбаковымі пагадненнямі і інш. дзеючымі нормамі міжнар. права (у асноўным Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963).
Ген. консульствы Рэспублікі Беларусь на 1.1.1998 у Нью-Йорку, Гаазе, Рыме, Гданьску, Беластоку, Даўгаўпілсе, Таліне; консульскія аддзелы — у пасольствах Рэспублікі Беларусь у ЗША, ФРГ, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Кітаі, Расіі, Ізраілі, Украіне і аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ (Берлін). У Мінску знаходзяцца К.п. ў пасольствах Латвіі, Літвы, Польшчы, ФРГ, ЗША, Румыніі, Японіі, Індыі, Кітая, Ізраіля, Балгарыі, Расіі, Турцыі; ген. консульствы Польшчы — у Гродне; Расіі — у Брэсце; Эстоніі — у Мінску, консульствы Латвіі — у Віцебску; Польшчы — у Брэсце. Гл. таксама Консул, Консульскае права.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН 8/308—309
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,
«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.І.Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.Русецкі. Друкаваны орган — газ. «Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.
М.С.Сташкевіч.
т. 10, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б 8/537
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пастаяннае прадстаўніцтва ўрадаў саюзных рэспублік пры ўрадзе СССР 8/309
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)