со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)