Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілкапочапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétlja ’пятля’, серб.-харв. пе̏тља ’гаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗ ’пятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́тка ’пятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)